Славіцца Ельшчына таленавітымі жанчынамі, якія перадаюць свой талент і натхненне сваім вучням. Даказаў гэта і чарговы музычны конкурс.
Чацвёрты Міжнародны конкурс баяністаў-акардэаністаў «Мой сябра – баян» прайшоў у канцы лютага ў Гомельскім дзяржаўным каледжы мастацтваў ім. Н.Ф.Сакалоўскага. Паспяхова выступілі на конкурсе ельскія музыканты.
Конкурс сабраў 120 юных музыкантаў (баяністаў і акардэаністаў) з розных куткоў нашай краіны і замежжа. Ельскую дзіцячую школу мастацтваў прадстаўлялі акардэаністка Міла Баравікова з аграгарадка Зашыр’е (педагог Людміла Жураўлёва), і баяністы Вадзім Бардашэвіч (педагог Таццяна Усціновіч) і Герман Тарасавец (педагог Таццяна Харко).
Таццяна Уладзіміраўна і Таццяна Васільеўна працуюць у дзіцячай школе мастацтваў больш за дваццаць гадоў – вучаць дзяцей іграць на баяне. З іх дапамогай было раскрыта нямала таленавітых вучняў, якія шчыра любяць музыку. Многія з дзяцей пасля заканчэння музычнай школы нават звязалі сваё жыццё з ёю.
– Вельмі прыемна, калі дзеці захапляюцца тваім прадметам і музычным інструментам, – гаворыць Таццяна Харко, – калі з задавальненнем ходзяць на заняткі, калі дасягаюць поспехаў і перамог на творчых конкурсах. Таксама мы ўдзячны бацькам нашых выхаванцаў, якія заўсёды падтрымліваюць сваіх дзяцей у навучанні.
Сёлетні конкурс «Мой сябра – баян» не стаў выключэннем. Як адзначылі ўдзельнікі, яны не першы раз спаборнічаюць у гэтым конкурсе і кожны раз маюць перамогі. Так, Вадзім Бардашэвіч і Герман Тарасавец у гэтым годзе паказалі выдатнае валоданне музычным інструментам, уразілі журы і атрымалі Дыпломы ІІІ ступені. А іх настаўнікі Таццяна Усціновіч і Таццяна Харко былі ўзнагароджаны граматамі «За прафесійнае майстэрства».
Віншуем нашых таленавітых дзяцей і іх педагогаў з паспяховым выступленнем і ганарымся іх перамогай!
Ганна Гаўрылава
Тэкст надрукаваны ў газеце «НГ» ад 5 сакавіка пад назвай «Пад акардэон і баян»