Напярэдадні 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня Незалежнасці рэспублікі былыя жыхары вёскі Кузьмічы сабраліся разам, каб ушанаваць памяць сваіх землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Прысутных перапаўнялі адначасова пачуцці смутку аб загінуўшых, радасці і гонару за тое, што памяць аб ваенных подзвігах землякоў жывая і ўвасабляецца не толькі ва ўспамінах, але і ўвекавечана ў мармуровым помніку. Дзякуючы намаганням і асабістым грашовым сродкам Вольгі Маўрэнковай (Кукалкі) з Кіева, гэты помнік быў устаноўлены на месцы адселенай у 1994 годзе пасля Чарнобыльскай трагедыі вёскі Кузьмічы.
У момант урачыстага адкрыцця помніка перад прысутнымі выступілі старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Матузка, ваенны камісар Ельскага раёна Юрый Яначкін, старшыня Скараднянскага сельскага Савета Сяргей Міксюк, былыя жыхары вёскі Кузьмічы Ніна Антропава і Васіль Калбасін. Яны выказалі словы падзякі ўсім, хто непасрэдна прымаў удзел ва ўстанаўленні помніка і пажадалі прысутным глядзець у заўтрашні дзень з упэўненасцю, памятаць пра подзвіг родных і блізкіх, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Выступаючыя акцэнтавалі ўвагу прысутных на неабходнасці зберагчы і перадаць нашчадкам гісторыю свайго роду, краю, каб не паўтарыліся жахі вайны…
Хвілінай маўчання ўдзельнікі ўрачыстасці ўшанавалі памяць тых, хто не вярнуўся з вайны.
Пасля гэтага адбылася цырымонія адкрыцця помніка і яго асвячэнне настаяцелем Храма Дзмітрыя Салунскага іерэем Віктарам.
Кульмінацыяй урачыстасці стала ўскладанне кветак да помніка.
Таццяна Петрухно
Спасибо за фото!!! Можно узнать знакомых, с котрыми не виделся тысячу лет…..