Мовы роднай не кідай. Мову дзецям перадай

Образование

Цудоўны свет нашай роднай беларускай мовы мы пазнаём з дзяцінства. Адным з важных момантаў у пазнанні культурнай і моўнай спадчыны беларусаў з’яўляюцца школьныя ўрокі.
DSC_3280
Навучанне мове павінна стаць для вучняў акном у навакольны свет, лічыць настаўніца беларускай мовы і літаратуры дапаможнай школы-інтэрната Таццяна Сугак. «Мову родную любі. Мову ў сэрцы не губі. Мовы роднай не кідай. Мову дзецям перадай», – гэтыя вершаваныя радкі сталі своеасаблівым дэвізам працы Таццяны Уладзіміраўны. Больш 20 гадоў яна выхоў-вае ў дзяцей інтарэс да свайго прадмета, да матчынай мілагучнай мовы, шукае розныя шляхі дзеля таго, каб дайсці да кожнага вучня, каб пасеяць у душах дзяцей любоў і пашану да роднай Бацькаўшчыны.

Адной з крыніц далучэння да роднай мовы з’яўляюцца сустрэчы з цікавымі людзьмі, з пісьменнікамі, упэўнена Таццяна Сугак.

– Нам, можна сказаць, пашанцавала, бо лёс звёў нас з цудоўным чалавекам, кіраўніком адной з буйнейшых гаспадарак раёна Рыгорам Бабчанком. Справа ў тым, што гэты чалавек, улюбёны ў родную зямлю, піша вершы на беларускай мове. Паэтычныя творы Рыгора Бабчанка неаднаразова друкаваліся ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях і на старонках раённай газеты «Народны голас». І, канешне, грэх было не выкарыстаць такую магчымасць. Вось мы арганізавалі і правялі ў школе творчую сустрэчу «Гаспадар з душой паэта».

Мяне, як настаўніка беларускай мовы, вельмі ўзрадавала тое, што на наступны дзень, дзелячыся сваімі ўражаннямі, многія вучні выказалі жаданне прыняць удзел у наступным такім мерапрыемстве.

У лістападзе мінулага года выйшаў у свет паэтычны зборнік вершаў Рыгора Бабчанка «Асалода». Па яго старонках разам з вучнямі старэйшых класаў мы правялі ўрокі-вусныя часопісы «Святое слова – Хлеб». На гэтых уроках вучні не толькі чыталі вершы пра хлебароба, яго працу, адносіны чалавека да хлеба, але і на практыцы ўзважвалі тыя 250 і 125 грамаў хлеба, якія атрымлівалі рабочыя, старыя і дзеці ў блакадным Ленінградзе. Прызнаюся, гэтыя ўрокі вельмі ўражвалі дзяцей…

На гэтым мы не спыніліся. Улічваючы тое, што многія настаўнікі нашай школы ўжо больш дзесяці гадоў уваходзяць у склад рэспубліканскай групы па аналізу падручнікаў для дапаможных школ на іх перавыданне, некаторыя вершы Рыгора Бабчанка былі прапанаваны для ўключэння ў змест падручнікаў для чытання (7–8 класы). І ўсё ў нас атрымалася. Аўтары падручніка згадзіліся з нашай прапановай і ўключылі два вершы Рыгора Бабчанка «Зямля» і «Сяўба» для вывучэння ў школе.

І вось разам з дзецьмі мы разглядаем новенькі падручнік літаратурнага чытання для 7 класа. У яго змесце побач з прозвішчамі знакамітых беларускіх пісьменнікаў змешчана і прозвішча нашага земляка Рыгора Бабчанка, гаспадара з душой паэта. Я ўпэўнена, што вершы, змешчаныя ў гэтым падручніку, пасеюць у сэрцах дзяцей зярняты, якія ў будучым прарастуць буйным калоссем Дабрыні, Шчырасці, Спагады і Любові да роднай зямлі, да матчынай мовы.

Таццяна Петрухно



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *