Гомельска-Рэчыцкая наступальная аперацыя

Общество

Гомельска-Рэчыцкая наступальная аперацыя войскаў Беларускага фронту пачалася 10 лістапада 1943 года і ставіла задачу разграміць Гомельска-Рэчыцкую групоўку пра-ціўніка, вызваліць Гомель і Дняпроўска-Сожскае міжрэчча, заняць выгадныя пазіцыі на правым беразе Дняпра.
70-лет1
Войскі левага крыла Беларускага фронту 10 лістапада пачалі наступленне на кірунку галоўнага ўдару з плацдарму на заходнім беразе Дняпра каля Лоева. Праводзілася наступленне сіламі 48-й, 65-й і 61-й армій і ўведзеных у бітву на другі дзень двух танкавых і двух кавалерыйскіх карпусоў у накірунку на Рэчыцу і часткай сіл – на Калінкавічы. Ударам у тыле праціўніка войскі фронту 15 лістапада перарэзалі чыгунку Гомель – Калінкавічы. Ужо 18 лістапада савецкія войскі вызвалілі Рэчыцу (48-я і 65-я арміі, 1-ы гвардзейскі танкавы корпус), а 25 лістапада фарсіравалі Бярэзіну і захапілі плацдарм на поўдзень ад Жлобіна, абышоўшы Гомель з захаду. Войскі правага крыла фронту 22 лістапада пачалі наступленне сіламі 50-й і 3-й армій і вызвалілі Прапойск (цяпер горад Слаўгарад), Карму, Журавічы. Затым 25 лістапада 1943 года яны выйшлі да Дняпра ў раёне Новага Быхава, ахапіўшы Гомель з поўначы. Пасля жорсткіх баёў 26 лістапада 1943 года быў вызвалены Гомель.

Вялікую дапамогу савецкім войскам пры вызваленні тэрыторыі Беларусі ад ворага аказвалі партызаны. Так, падчас Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі партызаны Гомельскага партызанскага злучэння, Палескага і Магілёўскага злучэнняў узмацнілі баявыя дзеянні. Яны паралізавалі рух на чыгунках Жыткавічы – Калінкавічы, Калінкавічы – Жлобін, Оўруч – Мазыр, перарэзалі чыгунку Магілёў – Жлобін і не далі ворагу перакінуць падмацаванне да Гомеля, перакрылі шляхі адступлення з Рэчыцы.

Партызаны вызвалілі і ўтрымвалі да падыходу савецкіх частак 34 населеныя пункты і пераправу праз Бярэзіну.

Успамінаючы тыя баі і адзначаючы заслугі партызан, военачальнік Канстанцін Ракасоўскі пісаў: «У працэсе ўсёй наступальнай аперацыі войскаў Цэнтральнага фронту (перайменаванага ў Беларускі, а затым у 1-шы Беларускі) мы падтрымлівалі бесперапынную сувязь з партызанамі. Менавіта партызаны аказвалі вялікую дапамогу войскам пры фарсіраванні рэк і захопе плацдармаў. Яны разбуралі камунікацыі ў тыле ворага, чым затрымлівалі падвоз войскаў праціўніка і перакідку іх з аднаго ўчастка на іншыя. Ад беларускіх партызан мы атрымлівалі каштоўныя разведда-дзеныя аб групоўках і перамяшчэнні варожых войскаў. Па звестках, якія атрымліваліся ад партызан, наша авіяцыя наносіла ўдары па важных аб’ектах. Ад іх жа мы даведваліся пра вынікі гэтых удараў. Па меры наступлення нашых войскаў на тэрыторыі Беларусі партызанскія атрады ўліваліся ў войскі частак фронту, узмацняючы і павялічваючы іх колькасна. Ды хіба пералічыць усё тое, што было зроблена для перамогі над агульным ворагам гэтымі, у поўным сэнсе слова, народнымі мсціўцамі».

Гомельска-Рэчыцкая аперацыя завяршылася 30 лістапада. У выніку яе правядзення войскі Беларускага фронту прарвалі абарону праціўніка ў паласе шырынёй 100 км, прасунуліся на захад на 130 км, стварылі пагрозу паўднёваму флангу групы армій «Цэнтр» і ўскладнілі яе ўзаема-дзеянне з групай армій «Поў-дзень».

Злучэнні частак Беларускага фронту дасягнулі мяжы Чавусы, Новы Быхаў, на ўсход ад Рагачова і Мазыра, на поўдзень ад Ельска. Тут фронт стабілізаваўся да 1944 года. Былі створаны спрыяльныя перадумовы для далейшага вызвалення Беларусі.

Аляксандр Смоляр



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *