Медаль «За адвагу» знайшоў сям’ю героя праз 75 гадоў

Великая Победа Общество Освобождение Ельщины Проект "НГ": Вспомним всех поименно

У студзені гэтага года раённая газета «Народны голас» расказвала пра незвычайную знаходку пенсіянера з вёскі Засінцы Канстанціна Захарчанкі,  які восенню мінулага года ў сваім агародзе знайшоў медаль «За адвагу». Трэба адзначыць, медаль добра захаваўся, і на ім быў выразна відаць яго нумар.

Пенсіянер звярнуўся ў раённую газету з просьбай дапамагчы ўстанавіць імя героя. Журналісты ў сваю чаргу звярнуліся ў ваенкамат,  а яго работнікі – у Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. Адказ не прымусіў доўга чакаць. 20 сакавіка з архіву прыйшла даведка, у якой паведамляецца, што «медаль «За адвагу» № 3350300 уручана стралку 300 стралковага палка 220 стралковай дывізіі І Украінскага фронту чырвонаармейцу Патапенка Рыгору Мікалаевічу, 1915 года нараджэння, ураджэнцу в. Падгалле Ельскага раёна Палескай вобласці. Дамашні адрас на 19 лютага 1947 года: Палеская воблаць, Ельскі раён, в. Падгалле». Такім чынам, па нумары медаля ўдалося знайсці імя ўзнагароджанага. Значыць, яшчэ імя аднаго героя будзе вядома!

Уручэнне юбiлейнага медаля Рыгору Патапенку (злева) на Дзень Перамогi. Фота з сямейнага архiву В. Верамейчык

Журналісты раённай газеты накіраваліся ў Падгалле, каб знайсці родных Рыгора Патапенкі. У хаце, пабудаванай бацькам, і зараз жыве яго дачка – Вольга Рыгораўна Верамейчык. Жанчына вельмі здзівілася і расхвалявалася, калі ёй паведамілі радасную вестку пра тое, што яе бацька быў сапраўдным героем. Нагадаем, медаля «За адвагу» былі ўдастоены савецкія салдаты за асабістую мужнасць і адвагу, якую яны праяўлялі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Гэта адна з самых ганаровых савецкіх узнагарод, яе ў час вайны прыраўноўвалі да ордэна.

– Мы нічога не ведалі, што ў бацькі была такая ўзнагарода, – расказала Вольга Рыгораўна. – Мой бацька, як і трое яго братоў, ваявалі з фашыстамі. На шчасце, усе вярнуліся жывымі. У бацькі не было на адной руцэ пальцаў, але ж самае важнае, што жывым застаўся. Ён ніколі не хваліўся, што здзейсніў нейкі геройскі ўчынак, значыць, лічыў абарону роднай зямлі сваім святым абавязкам, а не подзвігам.

Па словах Вольгі Верамейчык, Рыгор Патапенка не вельмі любіў расказваць пра вайну, таму і ўспамінаў у дачкі няшмат. Ведае толькі, што ваяваў бацька на Украіне, быў паранены пад Жытомірам. У час вызвалення нашай вобласці патрапіў у палон пад Гомелем. Адтуль яму ўдалося збегчы. Некалькі дзён дабіраўся салдат да роднай вёскі. Калі да Падгалля заставалася зусім мала, пад вёскай Кавалі яго ледзь не забілі немцы. Але і тут Бог выратаваў Рыгора Патапенку. Салдат  вярнуўся додому, дзе яго чакала жонка Марыя Мікалаеўна і сынок Мікалай. Пазней, у канцы 1945 года, нарадзілася дачушка Вольга, праз тры гады – яшчэ адзін сын. Бацька і маці шчыра працавалі, гадавалі дзяцей. Бацька працаваў на лесанарыхтоўках у леспрамгасе, маці – у калгасе, была адной з лепшых працаўніц.

На жаль, братоў Вольгі Рыгораўны ўжо няма ў жывых. Вольга Рыгораўна жыве адна, мужа няма больш за дваццаць гадоў. Тры сыны  жанчыны жывуць пад Мазыром, часта бываюць у маці. Не забываюць бабулю і шасцёра ўнукаў.

– Зараз усім патэлефаную, раскажу пра іх дзеда-героя, пра медаль яго знойдзены, – сказала Вольга Рыгораўна. – Дзякуй усім людзям за нераўнадушша. Гэта важна для мяне. Многа ўспамінаў нахлынула…

Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *