СПЕЦПРАЕКТ «НГ»: Успомнім усіх пайменна. Андрэй Мікалаевіч Ракавецкі вярнуўся з фронту з баянам, які выратаваў яму жыццё

Великая Победа Год малой Родины Общество Освобождение Ельщины

Хачу расказаць пра свайго бацьку, Андрэя Мікалаевіча Ракавецкага, якога вельмі любіла і паважала. Ён ваяваў з 1941 па 1945 гады, быў на 1-ым Беларускім фронце, ў 910 ОСБ 136 стралковай дывізіі. Радавы салдат Вялікай Айчыннай прайшоў праз усю вайну і з перамогай вярнуўся дамоў.

Мой бацька любіў нас, дзяцей, якіх у сям’і было трынаццаць, самаахвярна і цаніў кожны дзень. Як яны з маці марылі, каб мы атрымалі належную адукацыю, жылі лягчэй, чым яны! Бацька нават не шкадаваў сваіх узнагарод, здабытых крывёю і потам на вайне,  для нашых гульняў. Памятаю, і я гуляла з гэтымі бліскучымі «цацкамі» на падмурку новай прыбудовы да хаты, якую ўзводзіў мой бацька сваімі рукамі.

На вялікі жаль, толькі праз гады мы спазналі, якой цаной здабываліся ўзнагароды, іх каштоўнасць. Бацька быў узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі!», «За абарону Масквы», «За вызваленне Варшавы», «За перамогу над Германіяй» і юбілейнымі медалямі. Маці ўсё жыццё захоўвала пажоўклыя кніжачкі-пасведчанні аб узнагародах разам з усімі дакументамі, фотаздымкамі свайго Андрэя і дзяцей. На жаль, згубіліся ўзнагароды, засталіся толькі пасведчанні аб іх, ды ваенны білет, як сведка той жудаснай вайны. А яшчэ захоўваецца выцвілая ад часу падзяка ад камандзіра са словамі, якія характарызуюць былога салдата вайны Андрэя Мікалаевіча Ракавецкага: «Загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Маршала Савецкага Саюза таварыша Сталіна ад 23 красавіка 1945 г. № 339 за прарыў умацаванай і глыбока эшаланіраванай абароны немцаў, якая прыкрывала Берлін з усходу, і наступленнем на Берлін усяму асабістаму саставу нашага злучэння, у тым ліку і Вам, за ўдзел у баях аб’яўлена падзяка».

Зараз гэтыя сямейныя каштоўнасці знаходзяцца ў мяне. Дзякуючы ваеннаму білету былі знойдзены звесткі пра бацьку. Так, у архіве Міністэрства абароны,  на сайце «Память народная», мы даведаліся аб тым, што наш бацька, Андрэй Мікалаевіч Ракавецкі, быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі».

Пра тое, што давялося перажыць на вайне, бацька мой не любіў расказваць, бо вельмі цяжка далася перамога над фашызмам савецкаму салдату.

Аднак пра выпадак, калі баян збярог яму жыццё, бацька ўспамінаў са слязамі на вачах.

Аб гэтым чытайце на старонках раённай газеты «Народны голас» ва ўспамінах дачкі Галіны Ракавецкай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *