Парадак арганізацыі і правядзення рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва”

Культура Общество

  1. Дадзеная Інструкцыя вызначае парадак арганізацыі і правядзення рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва” (далей – конкурс).
  2. Конкурс праводзіцца ў мэтах:

адраджэння, развіцця, папулярызацыі і паказу лепшых традыцый і дасягненняў нацыянальнага выяўленчага мастацтва, прыцягнення да яго ўвагі шырокіх слаёў грамадства;

павышэння прафесійнага майстэрства ўдзельнікаў конкурсу;

выяўлення і падтрымкі таленавітай моладзі, развіцця творчых здольнасцей.

  1. Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі і абласныя выканаўчыя камітэты (далей – арганізатары).
  2. Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца аўтары твораў выяўленчага мастацтва ў любых відах, жанрах і мастацкіх тэхніках і аўтары твораў літаратуры аб выяўленчым мастацтве, створаных за тры гады, якія папярэднічаюць тэрміну завяршэння прыёму заявак – грамадзяне Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, маюць (або атрымліваюць) прафесійную адукацыю ў галінах выяўленчага мастацтва, дызайну, мастацтвазнаўства або не маюць прафесійнай адукацыі ў галінах выяўленчага мастацтва, дызайну, мастацтвазнаўства, але з’яўляюцца членамі творчых саюзаў (далей – аўтары).

У выпадку, калі творы выяўленчага мастацтва або літаратуры створаны двума або больш аўтарамі, іх аўтары дапускаюцца да ўдзелу ў конкурсе як калектыў аўтараў. Члены калектыву аўтараў павінны вызначыць кіраўніка калектыву аўтараў.

Адзін аўтар (калектыў аўтараў) можа ўдзельнічаць у конкурсе толькі з адным творам і толькі ў адной намінацыі. Прадстаўленне на конкурс твораў памершых аўтараў (акрамя аўтараў, якія ўваходзяць у склад калектыву аўтараў), не дапускаецца.

Да ўдзелу ў конкурсе не дапускаюцца курсавыя і дыпломныя работы асоб, якія атрымліваюць ці атрымалі прафесійную адукацыю ў галінах выяўленчага мастацтва, дызайну, мастацтвазнаўства.

  1. Інфармацыя аб правядзенні конкурсу размяшчаецца ў глабальнай камп’ютэрнай сетцы Інтэрнэт, на афіцыйных сайтах арганізатараў конкурсу і змяшчае звесткі аб умовах і парадку правядзення конкурсу, яго крытэрыях і парадку ацэнкі прадстаўленых удзельнікамі конкурсу матэрыялаў, месцы, тэрмінах і парадку іх прадстаўлення, а таксама парадку і тэрмінах абвяшчэння вынікаў конкурсу, форме і памеры узнагароджання і іншыя неабходныя звесткі.
  2. Конкурс праводзіцца па намінацыях:

“Жывапіс”;

“Графіка”;

“Скульптура”;

“Дызайн”;

“Актуальнае мастацтва” (арт-аб’ект, інсталяцыя);

“Мастацкая фатаграфія”;

“Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва”;

“Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”;

“Мастацтвазнаўства і крытыка”;

“Творчы дэбют”.

У намінацыі “Творчы дэбют” могуць прымаць удзел аўтары, якія не дасягнулі 31 года на дзень падачы заяўкі. Намінацыя “Творчы дэбют” праводзіцца з мэтай падтрымкі таленавітай моладзі, павышэння яе прафесійнага майстэрства.

  1. Для непасрэднага кіраўніцтва арганізацыяй і правядзеннем конкурсу ствараецца арганізацыйны камітэт, які фарміруецца з прадстаўнікоў арганізатараў і іншых зацікаўленых арганізацый, творчых работнікаў (з іх згоды). Персанальны склад арганiзацыйнага камiтэта зацвярджаецца Мiнiстэрствам культуры па ўзгадненню з іншымі арганізатарамі конкурсу.
  2. Арганізацыйны камітэт:

8.1. ажыццяўляе непасрэднае кіраўніцтва падрыхтоўкай і правядзеннем конкурсу, стварае дырэкцыю конкурсу;

8.2. уносіць на разгляд кожнага з арганізатараў прапановы па каштарысу выдаткаў на арганізацыю і правядзенне конкурсу ў яго частцы;

8.3. разглядае і зацвярджае:

план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні конкурсу;

узоры дыплома і спецыяльнага прыза;

склад адборачнай камісіі і журы конкурсу;

план піяр-кампаніі конкурсу.

8.4. ажыццяўляе ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення конкурсу, а таксама яго асвятлення ў сродках масавай інфармацыі;

8.5. вырашае іншыя пытанні, якія ўзнікаюць у ходзе падрыхтоўкі і правядзення конкурсу.

  1. Дырэкцыя конкурсу ствараецца на базе Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

9.1. Дырэкцыя конкурсу:

9.1.1. распрацоўвае і рэалізуе канцэпцыю правядзення конкурсу;

9.1.2. уносіць на разгляд арганізацыйнага камітэта:

план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні конкурсу;

план піяр-кампаніі конкурсу;

склад адборачнай камісіі і журы конкурсу;

прапановы па каштарысу выдаткаў на арганізацыю і правядзенне конкурсу;

9.1.3. ажыццяўляе арганізацыйна-тэхнічную работу па падрыхтоўцы і правядзенні конкурсу;

9.1.4. ажыццяўляе дзейнасць па прыцягненні бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі і іншых пазабюджэтных сродкаў для фінансавання падрыхтоўкі і правядзення конкурсу;

9.1.5. забяспечвае арганізацыю піяр-кампаніі конкурсу, узаемасувязь са сродкамі масавай інфармацыі;

9.1.6. выконвае іншыя функцыі, звязаныя з арганізацыяй і правядзеннем конкурсу.

  1. Заяўкі на ўдзел у конкурсе могуць падаваць аўтары (калектывы аўтараў) або іх прадстаўнікі, якія маюць адпаведныя паўнамоцтвы.

Заяўкі на ўдзел у конкурсе па форме згодна з дадаткам дасылаюцца ў перыяд з 1 лістапада 2019 г. па 15 студзеня 2020 г. у адрас Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь (вул. Карла Маркса, 12, тэл.: 226-09-22, 226-05-32, эл.адрас: info@histmuseum.by).

Да заяўкі прыкладаюцца наступныя матэрыялы:

фатаграфіі на папяровых і электронных (у фармаце JPEG, 300 dpi) носьбітах інфармацыі і (або) відэаматэрыялы твора мастацтва, твора літаратуры аб выяўленчым мастацтве на папяровых і электронных носьбітах інфармацыі;

фатаграфія аўтара (калектыву аўтараў) твора на папяровых і электронных (у фармаце JPEG, 300 dpi) носьбітах інфармацыі;

зместавае і тэхнічнае апісанне твора мастацтва на папяровых і электронных носьбітах інфармацыі.

Пры неабходнасці дырэкцыя конкурсу мае права запатрабаваць у аўтара (калектыву аўтараў) дадатковыя дакументы.

  1. Матэрыялы, якія прадстаўлены з парушэннем патрабаванняў, устаноўленых пунктам 10 дадзенай Інструкцыі, да разгляду не прымаюцца.
  2. У перыяд з 15 студзеня па 15 лютага 2020 г. адборачная камісія па выніках адкрытага прагляду заявак і матэрыялаў вылучае па 10 работ у кожнай намінацыі для ўдзелу ў Рэспубліканскай выставе “Трыенале сучаснага мастацтва” (далей – Рэспубліканская выстава). Па рашэнні адборачнай камісіі колькасць работ, адабраных для ўдзелу ў Рэспубліканскай выставе, можа быць павялічана або паменшана.

У склад адборачнай камісіі могуць уваходзіць прадстаўнікі арганізатараў конкурсу, дырэкцыі, іншых арганізацый культуры, устаноў адукацыі ў сферы культуры, навуковых арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі, крытыкі і мастацтвазнаўцы Рэспублікі Беларусь, іншыя спецыялісты, якія займаюцца пытаннямі сучаснага выяўленчага мастацтва. У склад адборачнай камісіі не могуць уваходзіць аўтары, якія падалі заяўку на ўдзел у конкурсе.

Асноўнымі крытэрыямі ацэнкі твораў мастацтва і літаратуры з’яўляюцца:

наватарства;

мастацкая каштоўнасць;

індывідуальнасць;

актуальнасць тэмы;

развіццё мастацкіх традыцый.

Пасяджэнне адборачнай камісіі лічыцца правамоцным, калі на ім прысутнічае не менш чым палова яе членаў. Рашэнні адборачнай камісіі прымаюцца адкрытым галасаваннем большасцю галасоў ад колькасці членаў адборачнай камісіі, якія прысутнічаюць на пасяджэнні. Пры роўнасцi галасоў прымаецца рашэнне, за якое прагаласаваў старшыня адборачнай камiсiі.

Рашэнне адборачнай камісіі афармляецца пратаколам, які падпісваецца старшынёй адборачнай камісіі і яе сакратаром на працягу тыдня пасля правядзення пасяджэння адборачнай камісіі.

Рашэнне адборачнай камісіі з’яўляецца канчатковым і не падлягае перагляду.

  1. У перыяд з 1 мая па 30 чэрвеня 2020 г. па выніках адкрытага прагляду і ацэнкі твораў мастацтва і літаратуры, экспануемых у рамках Рэспубліканскай выставы, журы конкурсу вызначае пераможцаў конкурсу.

У склад журы конкурсу могуць уваходзіць прадстаўнікі арганізатараў конкурсу, дырэкцыі конкурсу, іншых арганізацый культуры, устаноў адукацыі ў сферы культуры, навуковых арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі, крытыкі і мастацтвазнаўцы Рэспублікі Беларусь і замежных краін, іншыя спецыялісты, якія займаюцца пытаннямі сучаснага выяўленчага мастацтва. У склад журы конкурсу не могуць уваходзіць аўтары, якія падалі заяўку на ўдзел у конкурсе.

Пасяджэнне журы конкурсу лічыцца правамоцным, калі на ім прысутнічае не менш чым палова яе членаў. Рашэнні журы конкурсу прымаюцца тайным галасаваннем большасцю галасоў ад колькасці членаў журы конкурсу, якія прысутнічаюць на пасяджэнні. Пры роўнасцi галасоў прымаецца рашэнне, за якое прагаласаваў старшыня журы конкурсу.

Рашэнне журы афармляецца пратаколам, які падпісваецца старшынёй журы конкурсу і яго сакратаром на працягу тыдня пасля правядзення пасяджэння журы конкурсу.

Журы конкурсу вызначае па аднаму пераможцу конкурсу ў кожнай намінацыі.

Журы конкурсу мае права не вызначаць пераможцаў у той ці іншай намінацыі.

Рашэнне журы з’яўляецца канчатковым і не падлягае перагляду.

  1. Аўтарам (калектыву аўтараў), якія сталі пераможцамі конкурсу, устанаўліваецца грашовая прэмія ў памеры 100 базавых велічынь у кожнай намінацыі, а таксама ўручаецца дыплом лаўрэата і спецыяльны прыз.

У выпадку, калі пераможцам з’яўляецца калектыў аўтараў, дыпломы ўручаюцца кожнаму аўтару, грашовая прэмія дзеліцца ў роўных частках паміж усімі аўтарамі, спецыяльны прыз уручаецца кіраўніку калектыву аўтараў.

  1. Па рашэнні арганізацыйнага камітэта асобныя творчыя работнікі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё сучаснага выяўленчага мастатцва Рэспублікі Беларусь і юрыдычныя або фізічныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прадстаўляюць бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу або робяць ахвяраванні на развіццё выяўленчага мастацтва, могуць быць узнагароджаны дыпломамі “За ўклад у развіццё выяўленчага мастацтва”, “Мецэнат выяўленчага мастацтва” і спецыяльнымі прызамі.
  2. Узнагароджанне пераможцаў конкурсу праводзіцца на ўрачыстай цырымоніі ў рамках Рэспубліканскай выставы.
  3. Фінансаванне расходаў па арганізацыі работы адборачнай камісіі, журы конкурсу, выплаце грашовых прэмій, вырабу дыпломаў і спецыяльных прызоў, а таксама падрыхтоўцы і правядзенні адбору работ і правядзенні Рэспубліканскай выставы, выданні каталога работ аўтараў (калектываў аўтараў) Рэспубліканскай выставы ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных Міністэрству культуры на правядзенне цэнтралізаваных культурных мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016 – 2020 гады (падпраграма “Мастацтва і творчасць”), зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 сакавіка 2016 г. № 180, а таксама іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.
  4. Фінансаванне расходаў па забеспячэнні ўдзелу аўтараў, членаў адборачнай камісіі, журы конкурсу ў конкурсе (уключаючы стварэнне, дастаўку арыгіналаў твораў мастацтва і літаратуры і (або) заяўкі з матэрыяламі да месца правядзення адбору работ і правядзення Рэспубліканскай выставы, а таксама праезд, харчаванне, пражыванне і іншыя) ажыццяўляецца за кошт асабістых сродкаў аўтараў, сродкаў арганізацый, у якіх працуюць ці навучаюцца аўтары, грамадскіх аб’яднанняў, членамі якіх яны з’яўляюцца, безвыплатнай (спонсарскай) дапамогі, а таксама іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *