Надзея Пархоменка – апошняя жыхарка вёскі Якімы Ельскага раёна

Год малой Родины Личности

Пра вёску Якімы, якая ўваходзіла ў склад Засінцаўскага сельсавета, сведчыць цяпер толькі адна хата, што прынялі спадчыннікі ад бацькоў, ды сад Надзеі Пархоменкаапошняй жыхаркі вёскі Якімы, якая зараз жыве ў Засінцах.

–       Пяцьдзесят гадоў пражыла я ў Якімах, – расказвае Надзея Лук’янаўна. – Нарадзілася я ў Засінцах, а ў Якімы замуж пайшла ў 1956 годзе. Мой Іван тады толькі з арміі вярнуўся, абое маладыя, пайшлі жыць у малюсенькую хацінку да мужавай маці. Ох, і цяжка было разжывацца нам, маладым! Грошай не плацілі, працавалі цяжка, дома гаспадарку трымалі вялікую. Я першага сыночка свайго ў кастрычніку нарадзіла, а вясною ўжо на работу ў поле пайшла. Праз тры гады дачка нарадзілася, дык старэйшы сынок ёй за няньку быў. А калі трэцім дзіцем хадзіла, то з дачкой на плячах працаваць ішла. Вось як мы тады працавалі!

Надзея Лук’янаўна з мужам Іванам Маркавічам увесь час у калгасе працавалі. Доўгі час авечак пасвілі, потым даглядалі цяліц і быкоў. Гаспадар і на трактары рабіў, а гаспадыня – у брыгадзе. У 1987 годзе Надзеі Лук’янаўне давялося працу пакінуць па стане здароўя. У 1992 здарылася вялікае гора – не стала гаспадара і старэйшага сына. Гэта яшчэ больш падарвала здароўе Надзеі Пархоменка – усё часцей балела сэрца і павялічваўся ціск.

Паступова Якімы, якія заўсёды былі невялікім населеным пунктам, хутчэй нават хутарам, апусцелі. Моладзь раз’ехалася, старэйшыя паўміралі. У пачатку 2000-х гадоў некалькі чалавек засталося ў Якімах. Надзея Лук’янаўна, дзеці  якой жылі далёка ад яе, вырашыла перасяліцца бліжэй да людзей, таму пераехала ў хату родзічкі ў Засінцах. Вось і жыве цяпер тут жанчына чатырнаццаць гадоў.

Якімы ж Надзея Лук’янаўна ўспамінае толькі добрым словам. Зараз там ад іх селішча толькі сад застаўся, у якім сын Сяргей пчол трымае.

–       Вельмі ж дружна людзі ў Якімах жылі, – успамінае з усмешкай жанчына. – Хоць маглі часам і пасварыцца між сабой, але ж хутка мірыліся. І ўсё талакой рабілі. Калі, напрыклад, хто агарод садзіць – уся вёска збіраецца. Пасадзяць дружна, а тады паабедаюць разам. Калі ж гора якое – таксама ўся вёска на дапамогу прыходзіць. А пра провады ў армію ці вяселле – і гаварыць не трэба. Гулялі ўсе весела, з песнямі і танцамі. Шкада, што няма вёскі, але памяць пра яе грэе душу…

 Ганна Булаўка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *