Любоў Дудчанка, настаўніца Качышчанскай школы Ельскага раёна, лічыць, што нельга быць настаўнікам у строга адведзены вучэбны час. Настаўнік – гэта не прафесія, гэта лад жыцця.
Будучая настаўніца нарадзілася ў вёсцы Загацце, што на Ельшчыне, вучылася ў Качышчанскай школе.
– У школе мне вельмі пашчасціла з настаўнікамі, – з павагай успамінае Любоў Адамаўна сваіх педагогаў. – Я вучылася ў выдатных настаўнікаў беларускай і рускай мовы і літаратуры Галіны Васільеўны Фяськовай, Паліны Прохараўны Ерашовай, Ганны Сямёнаўны Найберг, Любові Іванаўны Петрухно (Казак), якія выхоўвалі ў мяне пачуццё любові і павагі да беларускага слова, адкрывалі свет літаратуры і паказвалі скарбніцу народнай культуры і этнаграфіі.
Калі трэба было рабіць выбар, кім стаць, то Люба вырашыла адразу – настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, і абавязкова ў сваёй школе. Пасля заканчэння школы пачала працаваць у ёй піянерважатай, і ў 1990 годзе стала студэнткай Мазырскага педагагіч-нага інстытута. І вось ужо трыццаць гадоў Любоў Адамаўна працуе ў роднай школе і не шкадуе аб тым, што звязала сваё жыццё з блізкай да сэрца мовай сваіх продкаў, мовай, якую любіць сама і вучыць любіць іншых, дае ім грунтоўныя веды па сваім прадмеце, выхоўвае ветлівымі, чулымі і спагадлівымі.
Сёння Любоў Адамаўна ўпэўнена, што для яе цікаўных вучняў важна, наколькі настаўнік будзе цікавым і творчым, наколькі захапляльным будзе яго ўрок. Яна заўсёды імкнецца рабіць кожны ўрок цікавым і непаўторным. А для гэтага яна пастаянна ўдасканальвае свае веды, знаходзіцца ў пошуку цікавых ідэй, крочыць у нагу з часам.
Работа настаўніка – гэта яго жыццё, і ўзнагарода за гэта – паспяховыя і ўдзячныя вучні, лічыць Любоў Дудчанка.