Аляксей Петрухно нарадзіўся ў вёсцы Дзвіжкі, рос у дружнай, працавітай сям’і разам з іншымі брацікамі і сястрычкамі. Як кожнага цікаўнага падлетка, яго вабіла літаральна ўсё. Непаседлівы хлапчук любіў басанож прабегчыся па муражку, як зачараваны, разглядаў сучкі, галінкі, якія напаміналі яму птушак з распрасцёртымі крыламі. Прыцягвалі яго ўвагу і жывёлы. А ўглядаючыся ў неба, ён захапляўся дзівоснымі фігуркамі аблокаў… Усё гэта Аляксей спрабаваў перанесці на паперу.
Закончыўшы мясцовую сямігодку, хлопец паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча. Там, у сталіцы, і пачалася яго творчая дзейнасць. Але не забываў ён і родныя мясціны, часта наведваў бацькоўскую хату.
Ішлі гады, да маладога мастака прыходзіла майстэрства, сталенне. Працаваў ён у розных жанрах станкавога жывапісу і графікі. Яго карціны «Сельскі матыў», «Юнацтва», «Зімовая казка». «Новы мікрараён Мінска» і іншыя, а таксама шматлікія партрэты прыцягвалі ўвагу вопытных майстроў, прыхільнікаў выяўленчага мастацтва, якія паступова пераканаліся ў тым, што краіна папоўнілася таленавітым майстрам пэндзля. Неўзабаве Аляксея Радзівонавіча прынялі ў члены Саюза мастакоў Беларусі.
Аляксей Петрухно пражыў няшмат (1939–1984 гг.), але пакінуў пасля сябе сапраўдную спадчыну. Яго карціны і сёння выклікаюць незабыўныя ўражанні. Лёс падарыў роднаму краю таленавітага чалавека, якога павінны ведаць і помніць нашчадкі.
Землякі не забываюць таленавітага мастака. У Дзвіжкаўскай сельскай бібліятэцы пра яго сабраны біяграфічны матэрыял, партрэт мастака і невялікія скульптуры яго маці і бацькі. Вучні мясцовай школы даглядаюць магілу славутага земляка. У пачатку студзеня гэтага года яны ўбіралі снег і папраўлялі кветкі на магіле свайго таленавітага земляка-мастака Аляксея Петрухно.