Вёска Будкі Ельскага раёна заўсёды славілася музыкамі

Год малой Родины Общество

Жыхарка вёскі Будкі Старавысокаўскага сельскага Савета Вольга Коркуц з задавальненнем і настальгіяй успамінае мінулае населенага пункта.

– Калісьці Будкі гулі, раўлі і гралі, – расказвае Вольга Дзмітрыеўна. – Мясцовыя музыкі былі вядомыя па ўсёй акрузе. Іх запрашалі на вяселлі, на святы ў навакольныя вёскі. А як весела ў нас святкаваліся прастольныя святы! У Будках гэта Дзмітрый. У кожнай хаце гаспадыні рыхтавалі многа смачнай ежы. Збіраліся дзеці і ўнукі, прыязджалі госці. Спачатку адзначалі свята ў сям’і, а затым вяскоўцы хадзілі ў госці адзін да аднаго. Усюды былі чарка і скварка, а пасля іх – песні і танцы… Нават не верыцца, што ўсё гэта было ў нашай вёсцы, дзе зараз некалькі чалавек жыве. А калісьці і ферма была, на якой я цялятніцай працавала, і магазін быў.
Трэба адзначыць, што сама Вольга Дзмітрыеўна нарадзілася ў вёсцы Вярхі, а замуж выйшла ў Будкі. Тым не менш, родная вёска мужа стала для яе другой радзімай. Тут яна выгадавала чатырох дзяцей, трое з якіх жывуць у Кіеве, а адна дачка – у Гомелі. Дзеці часта гасцююць у матулі, дапамагаюць нарыхтаваць дроў на зіму, нешта па гаспадарцы. Праўда, з гаспадаркі ў жанчыны цяпер толькі куры ды сабака. Але клопатаў, асабліва зімой, дастаткова. Штодзень патрэбна дроў прынесці, прапаліць грубку, каб у хаце цёпла было, калі снег нападае – сцежкі каля хаты і да веснічак прачысціць. Але пакуль ёсць сілы, гэтыя штодзённыя клопаты не даюць думаць пра ўзрост, не дазваляюць паддавацца хваробам, прызнаецца Вольга Коркуц.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *