Сустрэча пакаленняў

Образование

16 сакавіка ў СШ № 1 г. Ельска прай-шло пазакласнае мерапрыемства «Сустрэча пакаленняў», якое падрыхтавалі і правялі разам са сваімі настаўнікамі вучні 3 «А» класа.


На сустрэчу сабраліся мамы, таты, бабулі, дзядулі, нават прабабулі і прадзядулі сённяшніх трэцякласнікаў. Дарослыя з цікавасцю слухалі, як дзеці выразна чытаюць вершы і спяваюць песні, танцуюць народныя танцы і паказваюць інсцэніроўкі, нават іграюць на музычных інструментах.


Класны кіраўнік Раіса Дворак многа мудрых слоў сказала пра сям’ю і ўзаемаадносіны паміж старэйшымі і малодшымі пакаленнямі, пра спадчыну. Дапамагалі ёй праводзіць мерапрыемства выхавацель групы падоўжанага дня Наталля Гуд і настаўніца музыкі Наталля Сергіенка. Вучні і настаўніцы былі апрануты ў нацыянальныя касцюмы, гаварылі на роднай мове.


Мы даведаліся, што кожны вучань 3 «А» даследуе свой радавод, стварае геніялагічнае дрэва, знаёміцца ў школе з нацыянальнымі традыцыямі і здабыткамі культуры.


У класе была аформлена выстава рэчаў, зробленых рукамі бабуль і дзядуль. З цікавасцю разглядалі дзеці і дарослыя і саматканыя ручнікі з вышыўкай, і вязаныя рэчы, і прадметы хатняга ўжытку. Відавочна, што ў старэйшых пакаленняў можна многаму навучыцца, у тым ліку і працавітасці.


Удзельнікі мерапрыемства падрыхтавалі фотавыставу партрэтаў сваякоў. Фота-здымкі беражліва захоўваюцца ў сямейных альбомах і многае могуць расказаць пра гісторыю кожнай сям’і.


Атмасфера сустрэчы была па-сяброўску цёплай. Мы і наплакалі-ся, і насмяяліся. Як было прыемна бачыць столькі таленавітых дзяцей! Да гэтых пор многія з нас знаходзяцца пад уражаннем ад убачанага і пачутага.


Мы не былі пасіўнымі гледачамі. Некалькі жанчын-гасцей праспявалі беларускую народную песню пад акампанемент Таццяны Харко.


А потым быў «салодкі» стол. Настаўніцы прынеслі вялікі торт з надпісам» Сустрэча пакаленняў» і запрасілі ўсіх на чай. Пакуль дзеці і дарослыя частаваліся, некаторыя госці ўзгадалі цікавыя гісторыі з жыцця, падзяліліся ўражаннямі ад мерапрыемства.


Напрыканцы сустрэчы нам уручылі лісты-падзякі за добрае выхаванне ўнукаў і падарылі падкоўкі – сімвал удачы і шчасця, якія дзеці зрабілі самі.


Нам вельмі спадабалася «Сустрэча пакаленняў». Мы шчыра дзякуем педагогам за тое, што выхоўваюць нашых дзяцей і ўнукаў на нацыянальных традыцыях, вучаць паважаць старэйшых, шанаваць гісторыю.


Нізкі паклон усім, хто падрыхтаваў і ўдзельнічаў у гэтым карысным і цікавым мерапрыемстве.


Бацькі, дзядулі і бабулі вучняў
3 «А» класа СШ № 1 г. Ельска



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *