Што ў прозвішчы тваім?

Общество

Мець незвычайнае і цікавае прозвішча – гэта вельмі добра. Такія людзі заўсёды ў цэнтры ўвагі, яны карыстаюцца поспехам, і, увогуле, іх жыццё напоўнена прыгодамі. Галоўнае, лічаць псіхолагі, не саромецца свайго прозвішча і з гонарам яго насіць. Але добра, скажаце вы, калі гэта звыклыя на слых Іваноў, Пятроў ці Сідараў. А калі не? 


Як жывецца людзям, прозвішчы якіх часам успрымаюцца з усмешкай на вуснах? Аб гэтым мы  запыталіся ў жыхароў нашага раёна і некаторыя з іх падзяліліся з намі сваімі думкамі:


– Сваё прозвішча я вельмі люблю і магу з упэўненасцю сказаць, што не памяняю яго ніколі, – з усмешкай паведамляе Аляксандр Смяюн. – Мне здаецца, што яно добра ўплывае на мой характар, адносіны да жыцця і настрой. Я вельмі вясёлы і пазітыўны чалавек, усмешка практычна не сходзіць з майго твару. Забаўна, што часам пры знаёмстве людзі не вераць, што ў мяне такое прозвішча, лічаць, што я жартую. Аднойчы нават прыйшлося паказаць дакументы, каб запэўніць чалавека.
На мой погляд, усяроўна, якое ў цябе прозвішча, галоўнае, каб чалавек быў добры.


– Я лічу, што ў мяне вельмі прыгожае і незвычайнае прозвішча, – расказвае жыхарка горада Ельска  Любоў Кветка. – У дзявоцтве я насіла больш празаічнае – Прышчэп, а пасля  замужжа стала Кветка. Дарэчы,  маё асабістае імя выдатна дапаўняе прозвішча. Акружаючым таксама падабаецца маё прозвішча. На рабоце, адказваючы на тэлефонныя званкі, прадстаўляюся, а ў адказ нярэдка чую спачатку здзіўленне, а затым кампліменты, і гэта дужа прыемна. Выпадковасць ці не, але я вельмі люблю ўсё каляровае і кветкі, шкада толькі, што не хапае часу на іх развядзенне.


– Часцей за ўсё людзі не выказваюць здзіўлення, калі чуюць маё прозвішча, – гаворыць Яўгенія Волк. – Праўда, у дадзеным варыянце – Волк – яно з’яўляецца крыху скажоным. Раней продкі майго мужа называліся Волкавы. Маё дзявоцкае прозвішча – Красная, даволі распаўсюджанае для вёскі Санюкі. Пасля таго, як я выйшла замуж, знаёмыя часта жартавалі: «Волк съел Красную Шапочку». Я заўсёды з гумарам ставілася да такіх жартаў. Тым больш, што ніколі не лічыла сваё прозвішча дрэнным або непрыгожым.


– У некаторых выпадках людзі рэагуюць зусім неадэкватна, калі першы раз чуюць маё прозвішча, – расказвае Ганна Шут, – пачынаюць хіхікаць. Раней я вельмі саромелася, але з цягам часу прывыкла. Аднойчы здарыўся непрыемны выпадак. Медсястра ў санаторыі паклікала мяне на працадуры са словамі: «Дзе той шут гароховы». Мяне гэта вельмі абразіла, і я выказала ёй сваё недавольства. Жанчына папрасіла прабачэння і інцыдэнт быў вычарпаны. А ўвогуле, акружаючыя людзі адносяцца да мяне з павагай  і маё прозвішча не вызывае ў іх ніякіх эмоцый. Я лічу, толькі ад самога чалавека залежыць, паўплывае яго прозвішча на жыццё ці не. Напрыклад, я педагог па спецыяльнасці, сур’ёзны і адказны чалавек і зусім не адпавядаю свайму прозвішчу.


– Я не задумваўся аб тым, што нашу цікавае прозвішча, – гаворыць вадзіцель Павел Забаўка. –  Сябры і знаёмыя ніколі не жартавалі наконт гэтага, мянушак таксама не прыдумвалі. Праўда, калі праходзіў службу на граніцы, то пад час звальнення начальнік пажадаў мне: «Ну, Забаўка, жадаю, каб у цябе ўсё жыццё было забаўным». Ну а тым, хто не задаволены сваім прозвішчам і хоча яго змяніць, магу сказаць адно: ад перамены прозвішча вы не станеце другім чалавекам. Падумайце над гэтым!


Жанна Рынгоўская



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *