Іменна адзін мільён беларускіх рублёў на дваіх атрымалі пераможцы конкурсу, аб’яўленага адміністрацыяй КСУП «Скараднянскі», на лепшую назву магазіна.
Ідэя адкрыць магазін з шырокім асартыментам прадуктаў (мясных і каўбасных вырабаў, паўфабрыкатаў, малочных прадуктаў і інш.) з’явілася ў кіраўніцтва гаспадаркі даўно. Ды і памяшканне для гандлёвай кропкі хутка знайшлося: у адміністратыўным будынку КСУП «Скараднянскі» ў Валаўску вызваліліся памяшканні, якія некалі займала мясцовае аддзяленне сувязі.
За кароткі час брыгада будаўнікоў зрабіла там неабходны рамонт, а зараз кіраўніцтва гаспадаркі актыўна займаецца афармленнем усёй неабходнай дакументацыі і закупкай гандлёвага абсталявання. Адкрыццё магазіна плануецца сёлетняй вясною.
Нездарма ж кажуць: як назавеш лодку, так яна і паплыве. Таму і пра назву магазіна ў «Скараднянскім» паклапаціліся загадзя. Праз раённую газету быў аб’яўлены конкурс на лепшую назву магазіна. Конкурс працягваўся да 1 сакавіка, нядаўна былі падведзены вынікі.
– Жадаючых паўдзельнічаць у конкурсе і атрымаць мільён рублёў было вельмі многа, – расказала Марына Савіцкая, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП «Скараднянскі». – Адгукнуліся і дарослыя, і дзеці. Лісты пасыпаліся ад жыхароў вёсак Валаўск, Скароднае, Валаўская Рудня і нават з Ельска. Усіх было больш за 150 канвертаў. Сярод назваў сустракаліся такія, як «У Іванавіча», «Лімузін», «Гурман», «Валаўскі пачастунак», «Жывіца» і г. д.
Уважліва прачытаўшы ўсе назвы, члены журы спыніліся на тых, якія падаліся найбольш прыгожымі і цікавымі. Вырашана было назваць новы магазін «Бацькоўскі гасцінец». Гэтая назва атрымалася з аб’яднання дзвюх назваў, прапанаваных ўдзельнікамі конкурсу. Таму і грашовая ўзнагарода была падзелена паміж дзвюма ўдзельніцамі. Такім чынам, пераможцамі конкурсу сталі вучаніца Скараднянскай сярэдняй школы Вера Бельская і эканаміст КСУП «Скараднянскі» Таццяна Таргонская.
Як прыжывецца назва сярод працаўні-коў гаспадаркі і жыхароў Валаўска – пакажа час. Будзем спадзявацца, што вельмі хутка паспрабаваць гасцінцы, набытыя ў новым магазіне, змогуць усе жадаючыя.
Ганна Гаўрылава