У аграпрамысловым комплексе Беларусі ў 2012 годзе значныя рэзервы засталіся незадзейнічанымі, што прывяло ў канчатковым выніку да недаатрымання выручкі па шэрагу таварных пазіцый, заявіў на калегіі Мінсельгасхарча намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Казакевіч.
Пры агульнай дадатнай дынаміцы развіцця жывёлагадоўчай галіны (тэмп росту склаў 7,7 %) ні адна вобласць не забяспечыла выкананне ўстаноўленага задання па вытворчасці малака. Недаатрымана 287 тыс. т малака, найбольшае адставанне дапусцілі Віцебская і Магілёўская вобласці – 92 працэнты ад запланаванага ўзроўню. У 11 раёнах рэспублікі зніжана вытворчасць малака да ўзроўню 2011 года, у 10 раёнах знізілася прадукцыйнасць кароў.
У цэлым па краіне сярэдні надой малака ад каровы склаў 4712 кг, што на 190 кг больш за ўзровень 2011 года. Найбольшая прыбаўка атрымана ў арганізацыях Гродзенскай і Мінскай абласцей. У той жа час у 7 працэнтах гаспадарак, якія маюць малочных кароў, прадукцыйнасць дойнага статка за год склала менш як 3 т.
Недапушчальныя страты маюць сельгасарганізацыі ў выніку звышнарматыўнага выбыцця кароў. Недапрацоўкі ў кормавытворчасці з’яўляюцца адной з галоўных прычын недабору жывёлагадоўчай прадукцыі, неапраўданага росту выдаткаў на яе вытворчасць, непрадукцыйнага выбыцця жывёлы, хвароб жывёл, што ў канчатковым выніку прыводзіць да значных фінансавых страт.
Намеснік міністра адзначыў, што ёсць недахопы ў рабоце па ўзнаўленню статка. Сярэдні ўзровень выхаду цялят па краіне застаўся на ўзроўні 2011 года – 79 цялят на 100 кароў. Між тым да 2015 года павінен быць дасягнуты сярэдні паказчык па колькасці буйной рагатай жывёлы 100 галоў на 100 га сельгасугоддзяў, з іх трэць павінны скласці каровы.
У 2012 годзе знізілі вытворчасць буйной рагатай жывёлы 8 раёнаў рэспублікі, толькі чатыры раёны атрымалі сярэднесутачнае прыбаўленне ў вазе больш як 750 г.
«Нявыкарыстаныя рэзервы вытворчасці ў сувязі з невыкананнем тэхналагічных рэгламентаў, парушэннем умоў утрымання і кармлення жывёл, патрабаванняў ветэрынарна-санітарных правіл, адсутнасцю належнага кантролю з боку кіраўнікоў і спецыялістаў усіх узроўняў ацэньваюцца ў Br8 трлн», – сказаў Васіль Казакевіч.
У Ельскім раёне ў 2012 годзе сярэдні надой малака ад каровы склаў 3784 кг, што на 14 кг больш, чым у 2011 годзе. Вытворчасць малака – 30722 тоны. Сярэднесутачны прывес буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме ў 2012 годзе склаў 656 г, што на 30 г больш, чым у 2011 годзе.
Падрыхтавала Ганна Гаўрылава