На мінулым тыдні ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна прайшлі агульныя сходы працаўнікоў гаспадаркі. На сходах былі падведзены вынікі дзейнасці сельгаспрадпрыемстваў у мінулым годзе, прааналізаваны недахопы і набыткі, а таксама пастаўлены задачы на 2013 год.
Сход працаўнікоў КСУП «Ельскае Палессе» прайшоў на мінулым тыдні ў Старым Высокім. Удзел у сходзе прыняў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Анатоль Гапонік. Аб выкананні прагнозных паказчыкаў сельгаспрадпрыемства расказаў прысутным яго дырэктар Уладзімір Матузка. Ён адзначыў, што вытворчасць валавай прадукцыі КСУП «Ельскае Палессе» склала 19642 млн рублёў (у мінулым годзе – 19026 млн руб.), узровень рэнтабельнасці – 24,4 % (у 2011 годзе – 6,8 %). Валавая вытворчасць малака склала 4515 тон, сярэднегадавы ўдой ад каровы – 3123 кг малака. Сярэднесутачныя прывесы буйной рагатай жывёлы склалі 686 г ( у 2011 годзе – 618 г) і інш.
Аналіз дзейнасці ў раслінаводстве, жывёлагадоўлі і механізацыі КСУП «Ельскае Палессе» правялі ў сваіх галінах галоўныя спецыялісты гаспадаркі: аграном Любоў Сарокіна, галоўны заатэхнік Аксана Зіновіч, галоўны ветурач Вольга Петрашэнка, галоўны інжынер Яўген Прышчэп.
Пра выкананне калектыўнага дагавора ў мінулым годзе расказала старшыня прафсаюзнай арганізацыі Ганна Мішчанка. На сходзе таксама быў прыняты новы калектыўны дагавор на 2013–2016 гады, а таксама зацверджаны бізнес-план развіцця гаспадаркі на 2013 год.
На сходзе былі таксама ўшанаваны людзі, якія аддана працавалі ў сельскай гаспадарцы ўсё жыццё і ў мінулым годзе атрымалі права на заслужаны адпачынак: Васіль Камкоў, Вольга Лук’янава, Ганна Хамутоўская, Валянціна Петралай. Ім былі адрасаваны цёплыя словы ўдзячнасці ад адміністрацыі гаспадаркі і каштоўныя падарункі. Завяршыўся сход выступленнем калектыву Качышчанскага цэнтра культуры і вольнага часу «Сударушка».
Ганна Булаўка