Беларусы, успрымаючы жыта як дар Бога, далі яму яшчэ адно імя, сугучнае боскаму, – збожжа. З даўніх часоў жыта ў полі, пасеянае руплівымі людзьмі з надзеяй і верай у добры ўраджай, было самым дарагім, жыццёва неабходным. Так нашы продкі вызначылі сваю мудрасць, свае выключныя адносіны да дробненькіх зярнятак, што валодаюць незвычайнай сілай, якой падуладна амаль усё на нашай зямлі. 3 маленькіх, іншы раз непрыкметных зярнятак мы маем на сваім стале боханы хлеба, такія духмяныя, з такім сапраўды чароўным водарам, які больш ні ў чым і ніколі не паўтараецца.
Жыта можна назваць раслінай-асілкам, бо ні адна расліна на нашай зямлі больш такім дарам не валодае. Бог і матухна-прырода надзялілі яго такой незвычайнай жыццяздольнасцю, якая проста здзіўляе. Агранамічная інфармацыя сцвярджае наступнае. За чатыры месяцы вегетацыі адна расліна азімага жыта стварае 13800000 вялікіх і маленькіх карэньчыкаў. Агульная іх даўжыня – звыш 600 кіламетраў, паверхня – 240 квадратных метраў. А колькасць каранёвых валаскоў проста касмічная – 14000000000, з агульнай даўжынёй дзесяць тысяч з паловай кіламетраў і паверхняй каля 400 квадратных метраў. Такая расліна штодзённа дае каля 4–5 кіламетраў новых каранёў, цесна пераплеценых у моцную агульную плошчу. Яна па сіле ўсмоктвання можа ў сотні разоў перавышаць паверхню наземных органаў.
Гэтыя карані адначасова паглынаюць вільгаць і выдзяляюць у глебу іоны мінеральных солей, амінакіслоты, цукар, мачавіну.
Пра надзейнасць і безадказнасць жыта не аднойчы разважаў і наш зямляк Міхаіл Кадыраў, вядомы аграрый, дырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі, доктар сельскагаспадарчых навук:
– Чаму да жыта беларусы адносяцца з асаблівай пашанай? Чаму любоў да яго ніколі не мінае? Таму, што яно з усіх зерневых культур самае непатрабавальнае, расце там, дзе іншая культура загіне. Жыта найлепш падыходзіць для нашай беднай, у асноўным падзолістай глебы.
Тут трэба ўлічваць і такі важны фактар – у Беларусі паступова мяняецца клімат. Жыта мае здольнасць супрацьстаяць такім пераменам, і яно ўжо «даказала» гэта на практыцы. Сёлета валавы збор зерневых і зернебабовых культур ва ўсіх катэгорыях гаспадарак у рэспубліцы склаў амаль 9 мільёнаў 200 тысяч тон, альбо больш, чым у мінулым годзе, на мільён тон.
I зараз перад маімі вачамі такі малюнак дзяцінства ў Ельскім раёне. Мы самі малолі зерне ў жорнах. I вось самае радаснае: бабуля дастае з печы боханы хлеба на капусных лісцях. У хаце свята. I я цяпер хачу аднаго: няхай такія святы, з духмянымі боханамі, будуць заўсёды ў хатах беларусаў.
Ганна Гаўрылава