На Ельшчыне праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння Яна Налепкі, Героя Савецкага Саюза, Нацыянальнага Героя Чэхаславакіі.
Імя Яна Налепкі добра вядома жыхарам Ельшчыны. Бясстрашная барацьба героя-антыфашыста і яго таварышаў па зброі ў гады Вялікай Айчыннай вайны – яскравая старонка гісторыі вызваленчага руху.
Імя Яна Налепкі носіць адна з вуліц райцэнтра, на ёй устаноўлены памятны знак. На доме № 40 па вуліцы Савецкай, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка. Піянерская дружына СШ № 1 г. Ельска носіць імя героя-антыфашыста. Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай РАП работнікаў аграпрамысловага комплексу праводзіцца турнір па міні-футболе памяці Яна Налепкі. У Ельскім краязнаўчым музеі яму прысвечаны спецыяльны раздзел экспазі-цыі.
У час восеньскіх канікул вучні сярэдняй школы № 1 г. Ельска наведалі краязнаўчы музей, дзе для іх была арганізавана мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю з дня нараджэння Яна Налепкі. Навуковы супрацоўнік музея Ала Трошка расказала пра жыццёвы шлях героя-антыфашыста, пра яго подзвігі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вучні разам з настаўнікамі пазнаёміліся з тэматычнай выстаўкай, якую падрыхтавалі супрацоўнікі краязнаўчага музея, паглядзелі фільм «Заўтра будзе позна», зняты беларускімі і чэхаславацкімі кінематаграфістамі.
Праходзяць гады, змяняюцца эпохі, а памяць пра героя жыве. Жыве ў нашых сэрцах удзячнасць усім, хто дапамог вызваліць нашу Радзіму ад фашысцкай навалы.
Марына СУГАК