21–22 верасня ў г. Горкі і Горацкім раёне Магілёўскай вобласці прайшоў традыцыйны рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі 2012», на якім пабывала і дэлегацыя Ельскага раёна ў складзе начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Анатоля Гапоніка, дырэктара ДЛГУ «Ельскі лясгас» Васіля Плеха і аператара машыннага даення КСУП «Ельск» Таццяны Глумавай.
На рэспубліканскіх «Дажынках» ушаноўваліся пераможцы рэспубліканскіх спаборніцтваў за дасягненне высокіх рэзультатаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і збожжабабовых культур, а таксама рэспубліканскага агляду-конкурсу «Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкавання машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў» у 2012 годзе. У гэтым конкурсе Ельскі лясгас сярод лесагаспадарчых устаноў быў прызнаны пераможцам ад Гомельскай вобласці і атрымаў права прадстаўляць яе на рэспубліканскім узроўні. Міністр лясной гаспадаркі Беларусі Міхаіл Амельяновіч уручыў дырэктару ДЛГУ «Ельскі лясгас» Васілю Плеху Ганаровы дыплом пераможцы. У якасці ўзнагароды лясгасу вызначана і грашовая прэмія ў суме 167,907600 мільёнаў рублёў для набыцця трактара «Беларус-82.1».
– Сваім поспехам калектыў Ельскага лясгаса вельмі задаволены. Трактар нам якраз дарэчы, – расказаў карэспандэнтам газеты пасля фестывалю-кірмашу «Дажынкі 2012» Васіль Мікалаевіч. – На днях падарунак прыбыў у Ельск, і ў хуткім часе мы вырашым, у якое з лясніцтваў яго накіраваць, дзе найбольш у ім маюць патрэбу.
Ганна Гаўрылава