Ельск ладзіць кірмашы

Общество

У суботу, 22 верасня, на цэнтральнай плошчы  г. Ельска прайшоў святочны кірмаш «Восень 2012». Жыхары горада і раёна мелі магчымасць набыць прадукты сельскагаспадарчай вытворчасці, харчовыя і нехарчовыя тавары па даволі даступных цэнах.


У кірмашы прынялі ўдзел усе камунальныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна, ААТ «Ельскі кансервавы завод», Ельскае райспажыўтаварыства, ААТ «Ельскі КБА», установы адукацыі г. Ельска (СШ № 1 і СШ № 2, Ельская дапаможная школа-інтэрнат, Ельская раённая гімназія, яслі-сады № 1 і № 5, Ельскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі). Завіталі на кірмаш прадстаўнікі са Столінскага раёна, якія прывезлі на  продаж капусту, цыбулю, памідоры і бульбу.


З самага ранку руплівыя гаспадары спяшаліся за пакупкамі. Яно і зразумела: трэба ж было паспець і тавар разгледзець і прыцаніцца, і набыць усё неабходнае. А так як цэны на кірмашы ніжэйшыя, чым звычайна, то недахопу ў пакупніках не назіралася.


Гандлявалі ў гэты дзень бульбай, буракамі, морквай, капустай, пшаніцай, ячменём, аўсом, трыцікале, мукой, насеннем канюшыны, рапса, мёдам, журавінамі, баярышнікам і інш. Вялікім попытам карысталіся мясныя паўфабрыкаты. Былі ў продажы нават жывыя парасяты.


На вялікай сцэне, што размясцілася ў цэнтры плошчы, з музычнымі нумарамі выступалі любіцельскія калектывы раёна, непадалёку праводзіліся бяспройгрышныя латарэі.


Паміж імправізаваных гандлёвых радоў размясціліся сялянскія падворкі, якія былі падрыхтаваны прадстаўнікамі вясковых устаноў культуры, сельскіх Саветаў і КСУПаў. Чаго толькі тут не было! На сталах ледзь змясціліся ўсе прысмакі. Гаспадары так шчыра запрашалі заві-таць у госці і пачаставацца, што прайсці міма было проста немагчыма.


З гумарам і фантазіяй быў аформлены Рамязоўскі падворак. Ён уяўляў сабой сялянскую хату з багата накрытым сталом. Было аформлена «Няўдалае сватанне».


Скараднянска-Валаўскі падворак уразіў колькасцю і разнастайнасцю садавіны і агародніны, прыгожымі вышыванкамі, а майстры Скараднянскага СДК прадставілі выставу-продаж сувеніраў.


На Качышчанска-Старавысокаўскім падворку былі багата накрытыя сталы з мёдам і гароднінай. Тут жа была арганізавана выстава вырабаў бандароў. Гаспадыні частавалі ўсіх чаем на сямі травах, а гаспадары – шашлыкамі і блінамі.


У цэнтры Засінцаўска-Падгальскага падворка стаяў шчодра накрыты стол, на якім былі і грыбочкі, і сала, і бліны, і ўюны, і шмат чаго яшчэ. Гаспадыні прывезлі на кірмаш салаты і варэнне, што закансервавалі на зіму.


На Зашырскім падворку, бадай самым вялікім, гаспадарыў кіраўнік КСУП «Саўгас «Камуніст» Рыгор Бабчанок. Ён шчыра запрашаў гасцей паспытаць зашырскія прысмакі і паслухаць жывую музыку, якую мясцовыя артысты выконвалі на народных інструментах.


На Дабрынскім падворку размясцілася выстава вырабаў з драўніны, якімі карысталіся ў хатняй гаспадарцы нашы продкі. Тут частавалі гасцей дранікамі і блінамі, мёдам і садавінай.


Хто завітаў у гэты дзень на Млыноцкі падворак, паспытаў сапраўдныя сялянскія стравы, што гатаваліся звычайна да свят.


Адзначу, што ўстановы адукацыі, якія прынялі ўдзел у кірмашы, добра падрыхтаваліся: і афармленне, і запрашэнне, і ўсё прадстаўленае на продаж, было на даволі высокім узроўні.


Кірмашы па продажы сельскагаспадарчай прадукцыі будуць праходзіць у райцэнтры па суботах і нядзелях. Хто не паспеў на першы святочны кірмаш «Восень 2012», ячшэ мае магчымасць зрабіць запасы на зіму.


Марта ЛУЧЫК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *