Працягваецца падпісная кампанія на ІV квартал 2012 года. 18 верасня ва ўсіх аддзяленнях паштовай сувязі Ельскага раёна прайшла акцыя «Дзень падпісчыка». Жыхары Ельшчыны прынялі актыўны ўдзел у гэтым мерапрыемстве: у ходзе акцыі была аформлена падпіска на 1535 экземпляраў газет і часопісаў, з іх 551 – на раённую газету «Народны голас».
У аддзяленні паштовай сувязі № 3 г. Ельска, дзе зусім нядаўна закончыўся рамонт, акцыю адкрыў начальнік раённага вузла паштовай сувязі Рыгор Руцкі. Ён паведаміў наведвальнікам аддзялення, што на Ельшчыне кожны квартал выпісваецца больш за 14 тысяч экземпляраў перыядычных выданняў. «Дзень падпісчыка» – адно з традыцыйных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў рамках падпісной кампаніі.
Запрашалі людзей прыняць удзел у акцыі інструктар аддзела падпіскі Валянціна Клюка і начальнік аддзялення паштовай сувязі № 3 Таццяна Закусіла. Яны расказвалі наведвальнікам, што ў гэты дзень можна аформіць падпіску як на айчынныя выданні, так і на выданні краін СНД, раілі, якія газеты і часопісы можна выбраць таму ці іншаму чытачу.
Свае пытанні, заўвагі і пажаданні прыхільнікі раённай газеты «Народны голас» змаглі выказаць супрацоўнікам рэдакцыі, якія прысутнічалі на мерапрыемстве.
Кожны, хто падпісаўся на газеты і часопісы, аўтаматычна станавіўся ўдзельнікам бяспройгрышнай латарэі і атрымаў прыз ад арганізатараў акцыі.
Марына СУГАК