21 лютага штогод адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы
Cёння у свеце шмат цудоўных моў. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.
У нашай школе ўжо стала традыцыяй адзначаць гэты дзень так, каб ён запомніўся ўсім: і вучням, і настаўнікам.
І таму сёлета да беларускасці ў гэты дзень дакрануўся кожны, ад першакласніка да дырэктара школы.
У прызначаны дзень наведвальнікаў школы сустракалі дзяўчаты ў беларускіх строях. Юныя беларусачкі нагадвалі аб свяце і запрашалі паўдзельнічаць у акцыі «Якая наша мова?». У гэты ж час у фае школы гучала музыка ў выкананні сучасных беларускіх спевакоў, але больш за ўсё спадабалася прысутным песня «Гаворка беларуская» ў выкананні вучаніц школы Неўмяржыцкай Дар’і і Засінец Лізаветы. Беларускія песні настолькі ўзнялі настрой, што дзеці пусціліся ў скокі. Нечакана стварыўся карагод.
Далей свята было арганізавана такім чынам, што на ўсіх перапынках на другім паверсе дэманстраваўся відэаматэрыял: мультыплікацыйны фільм «Піліпка» і прэзентацыя «Цудоўная беларуская мова»для вучняў 1-2 класаў, відэаролікі вучняў школы, якія прымалі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе «Чытаем па-беларуску з VELCOM», «Беларускі музычны калейдаскоп» (песні на вершы вядомых беларускіх пісьменнікаў). Вучні былі запрошаны на акцыю «Чытаем урывак з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” разам». Вучняў 3-4 класаў наведала агітбрыгада з выступленнем-паведамленнем «Міжнародны дзень роднай мовы», падчас якога дзеці даведаліся, чаму менавіта ў гэты дзень адзначаецца Свята мовы, а таксама яшчэ раз змаглі паслухаць, якая наша мова мілагучная, шчырая і «хлебная». Удзельнікі агітбрыгады прачыталі ім вершы Пімена Панчанкі «Хлебныя словы» і «Родная мова».
Свята атрымалася! Яно было не толькі вясёлым і шумным, але і вельмі карысным!
Мішота Алена Васільеўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа №2 г. Ельска”