У мінулую нядзелю ў вёсцы Засінцы ўпершыню прайшло свята гэтай вёскі. Дзень вёскі, арганізаваны работнікамі Засінцаўскага сельскага Дома культуры і Засінцаўскага сельсавета, стаў своеасаблівым падарункам для ўсіх былых і цяперашніх вяскоўцаў.
Нягледзячы на ліпеньскую спёку, на свята сабраліся ўсе жыхары Засінцаў – ад самага маленькага да самага старэйшага, з’ехаліся многія выхадцы з гэтай вёскі. Вядучыя – бібліятэкар Кацярына Ястрэмская і мастацкі кіраўнік сельскага Дома культуры Васіль Неўмяржыцкі нагадалі ўсім прысутным гісторыю родных Засінцаў. Са святам усіх жыхароў павіншавалі Васіль Халяўкін, старшыня Засінцаўскага сельскага Савета, і старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Матузка.
Самае каштоўнае ў любой мясцовасці – гэта яе жыхары. Іменна людзі славяць вёску, з’яўляюцца яе гонарам і асновай. У Засінцах таксама многа людзей, якія заслугоўваюць слоў падзякі і павагі ад іншых. Як і ў любой сельскай мясцовасці, асноўны занятак большасці лю-дзей – праца на зямлі. У вёсцы Засінцы шчырых працаўнікоў, якія цяпер сталі прыкладам для моладзі, дастаткова. Гэта Антаніна Пятроўна Патапенка, Ніна Іванаўна Худобенка, Іван Яфімавіч Харашкевіч, Ганна Міхайлаўна Лёнка і Мікалай Міхайлавіч Засінец. За шматгадовую і плённую працу ў сельскай гаспадарцы гэтыя людзі ўзнагароджаны рознымі высокімі ўзнагародамі. На Дні вёскі ім былі адрасаваны цёплыя словы ўдзячнасці, а дырэктар мясцовай гаспадаркі КСУП «Падгалле» Юрый Засінец уручыў ім каштоўныя падарункі.
Шмат добрых слоў было сказана і ў адрас Засінцаўскай сярэдняй школы. Дырэктар школы Людміла Яўлаш павітала сваіх аднасяльчан са святам, адзначыла многіх работнікаў школы, у тым ліку і былую настаўніцу матэматыкі Ганну Аляксандраўну Полаз.
Цёплых слоў былі ўдастоены і працаўнікі лесу. Ляснічы Засінцаўскага лясніцтва Сяргей Засінец уручыў падарункі лепшым работнікам лесу, якія цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку, – леснікам Канстанціну Аляксандравічу Захарчанка і Барысу Адамавічу Хамутоўскаму, а таксама трактарысту Міхаілу Васільевічу Засінцу.
Нельга было на свяце не ўспомніць добрым словам тых, хто змагаўся за мірнае неба. Гэта дзеці і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Вольга Якаўлеўна Пархоменка і Уладзімір Васільевіч Рагозенка, а таксама воін-інтэрнацыяналіст Віктар Мікалаевіч Патапенка.
На сённяшні дзень у Засінцах налічваецца крыху больш за 200 чалавек. Самай старэйшай жыхарцы – Васіліне Філіпаўне Дзюба – споўнілася 97 гадоў, а самаму маленькаму – Яраславу Зубрайчуку – усяго пяць месяцаў. У гэты адметны для вёскі дзень яны не засталіся без увагі і атрымалі падарункі.
Адзначаны былі і мнагадзетныя сем’і вёскі. Старшыня сельсавета ўручыў падарункі сям’і Антаніны Іванаўны і Канстанціна Аляксандравіча Захарчанка, якія нядаўна адзначылі залатое вяселле, а таксама сям’і Мікалая Мікалаевіча і Аляксандры Мікалаеўны Засінец як гаспадарам лепшага падвор’я ў Засінцах.
Цёплыя словы прагучалі і ў адрас прадаўцоў мясцовага магазіна Веры Турчын і Аляксандры Засінец.
Музычныя падарункі на працягу ўсяго Дня вёскі дарылі Кацярына Ястрэмская, Васіль Неўмяржыцкі, Уладзімір Хамец, Марыя Неў-мяржыцкая, Таццяна Зубрайчук, Людміла Хамец, Уладзімір Яцка. А таксама парадаваў жыхароў вёскі сваім выступленнем каляктыў Качышчанскага цэнтра культуры і вольнага часу «Сударушка».
Свята вёскі працягвалася да позняга вечара. Песні, танцы, жарты, смех, конкурсы – усё гэта суправаджала святочную праграму, прысвечаную адной з вёсак нашага раёна – вёсцы Засінцы.
Ганна Гаўрылава