Вакальны ансамбль «Рэха» Ельскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі нядаўна прыняў удзел у V міжнародным фестывалі-конкурсе «DAS-Fest» у г. Чарнігаве.
На фестывалі было шмат удзельнікаў з розных краін ва ўзросце ад 5 да 35 гадоў. Толькі ў намінацыі «Акадэмічны вакал», у якой выступалі ельчане, сваё майстэрства дэманстравалі больш за 40 калектываў.
Вакальны ансамбль «Рэха», у які ўваходзяць 6 дзяцей ва ўзросце 9–11 гадоў сваім выступленнем уразіў не толькі гледачоў і канкурэнтаў, але і членаў строгага журы. У выніку ельскія артысты сталі ўладальнікамі «Гран-пры» фестывалю.
– Пачуццё вялікай радасці і задавальнення ад гэтай перамогі яшчэ доўга не пакіне нас, але мы разам са сваім кіраўніком Юліяй Дударавай і канцэртмайстрам Людмілай Ільіной не збіраемся на гэтым спыняцца, – кажуць артысты ансамбля «Рэха». – Мы і далей будзем старацца пакараць вяршыні і праслаўляць родны горад.