Касавіца ў «Ельскім Палессі»

Сельское хозяйство

Нарыхтоўка кармоў для грамадскага статку з’яўляецца на сёння галоўнай задачай, якая стаіць перад сельгасвытворцамі. Усе гаспадаркі раёна актыўна ўключыліся ў гэты працэс. У яго аснове – травакашэнне і нарыхтоўка сена, сенажу і сіласу. Па дадзеных упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, на 4 чэрвеня пры плане 7629 га скошана траў першага ўкосу на плошчы 3693 га, або 48,4 %. Марудзіць з правядзеннем гэтых работ недапушчальна. Кожны ўпушчаны дзень можа пагражаць пераспяваннем траў, што непазбежна адлюструецца на якасці кармоў.


Ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання патлумачылі, што перад аграрыямі сёння стаіць задача, каб у перыяд нарыхтоўкі і захавання кармоў максімальна захаваць пажыўныя рэчывы, якія ўтрымліваюцца ў іх, і забяспечыць высокую засваяльнасць гэтых рэчываў. Корманарыхтоўшчыкі павінны дасягнуць максімальна магчымага ўзроўню энергетычнай і пратэінавай пажыўнасці кармоў. Атрымаць такія рэзультаты можна толькі пры выкананні рэкамендаваных тэхналогій і тэрмінаў травакашэння.


Пра гэта добра ведаюць у КСУП «Ельскае Палессе» і працуюць там адпаведна гэтым тэхналогіям.


– Тэхніка косіць траву на сена і сенаж з самага ранку (гадзін з чатырох) і пад вечар (прыкладна пасля 16 гадзін), – расказала нам намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП «Ельскае Палессе» Ганна Мішчанка. – Гэта дазваляе захаваць у траве як мага больш пажыўных рэчываў. Акрамя гэтага, у механізатараў удзень ёсць магчымасць падладнаваць тэхніку.


Сёлета ў нашай гаспадарцы травы вельмі добрыя, значна лепшыя, чым у мінулым годзе. На гэта паўплывалі і даволі спрыяльныя ўмовы надвор’я, і своечасовая падкормка. Цяпер галоўнае – каб надвор’е і далей нам дапамагала і тэхніка не падводзіла. Будзем старацца скончыць з першым укосам у вызначаныя тэрміны.


На сенакосах КСУП «Ельскае Палессе» шчыруе каля дзесяці адзінак тэхнікі: 3 касілкі, 2 граблей, прэс, трактары на трамбоўцы сенажу і адвозе сенажнай масы. На 4 чэрвеня ў гэтай гаспадарцы скошана больш за палову шматгадовых траў, нарыхтавана 270 т сена і 878 тон сенажу. Колькасць кармавых адзінак на гэты дзень склала 375,4.


Ганна Булаўка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *