Ельскі кансервавы завод – сучаснае прадпрыемства па выпуску садавінна-агароднінных кансерваў і сокаў – апошнім часам пашырае свой асартымент.
– Асартымент выпускаемай на Ельскім кансервавым заводзе прадукцыі даволі разнастайны і добра вядомы пакупнікам, – упэўнена ідэолаг прадпрыемства Ганна Шынкарчук (на здымку). – Гэта нектары яблычны асветлены, яблычны з мякаццю, яблычна-слівовы, яблычна-апельсінавы, салат з буракоў з цыбуляй, соус таматны «Мінскі», соус таматны сталовы, агародніннае асарці (з гарошку, морквы і цыбулі), ікра з кабачкоў, гарошак зялёны, агуркі марынаваныя і інш. Уся прадукцыя карыстаецца вялікім попытам у спажыўцоў.
– На сённяшні дзень прадпрыемства выпускае разнастайную садавінна-агароднінную прадукцыю, – расказала вядучы інжынер-тэхнолаг завода Анастасія Бычкоўская. – Сезон пачыналі з выпуску напояў на аснове бярозавага соку. Пазней была чарга зялёнага гарошку, затым займаліся перапрацоўкай яблыкаў. Зараз на прадпрыемстве перапрацоўваецца агародніна: свежая капуста, морква, буракі. З пачатку года аб’ём вытворчасці складае каля 3000 туб (тысяч умоўных банак) прадукцыі.
Плануем у бліжэйшы час наладзіць выпуск прадукцыі першай абедзеннай групы: баршчу са свежай капусты, расольніку, бурачніку і інш. Агародніны ў нас нарыхтавана дастаткова, каб прадпрыемства не спыняла сваю дзейнасць. Вось, напрыклад, зараз у нас людзі працуюць у дзве змены.
Трэба адзначыць, што ўся прадукцыя, выпушчаная на Ельскім кансервавым заводзе, вырабляецца толькі з натуральнай сыравіны, без дабаўлення кансервантаў. Сістэма кантролю якасці, якая існуе на заводзе, дазваляе выпускаць толькі якасную і экалагічна чыстую прадукцыю.