Дарогамі спаленых вёсак

Общество

З кожным годам усё далей у небыццё адыходзяць жудасныя гады ваеннага ліхалецця. Вайна… Гэта кароткае слова ўтрымлівае ў сабе столькі гора, пакутаў, разбурэнняў, смерцяў. Мы, дзеці 21-га стагоддзя, ведаем пра вайну з кніг, кінафільмаў, аповедаў ветэранаў. Сёння тых, хто перажыў вайну, становіцца ўсё менш. Таму вельмі важна сустракацца з удзельнікамі вайны, слухаць іх успаміны і памятаць пра тых, хто цаной свайго жыцця адстаяў свабоду і незалежнасць.


Данінай светлай памяці аб мільёнах людзей, якія былі замучаны, расстраляны і жывымі спалены фашысцкімі акупантамі ў гады вайны, стала міжнародная акцыя  «Дарогамі спаленых вёсак», што прайшла на гэтым тыдні на тэрыторыі  Петрыкаўскага, Жыткавічскага, Лельчыцкага і Ельскага раёнаў. Ініцыятарам правядзення маршу-акцыі   выступіла Гомельскае абласное аддзяленне «Беларускага фонду міру»; актыўны ўдзел у ёй прынялі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, моладзь, школьнікі, мясцовыя жыхары і прадстаўнікі ўлады.


Сустрэча ўдзельнікаў міжнароднай акцыі адбылася на мяжы Ельскага раёна з Лельчыцкім. Радушна, з хлебам-соллю віталі гасцей прадстаўнікі ўлады Рыгор Цык, намеснік старшыні выканкама, і Сяргей Матузка, старшыня раённага Савета дэпутатаў. Яны запрасілі ўсіх наведаць мемарыял ахвярам фашызму ў вёсцы Копанка.


Жалобная музыка, што гучала на ўзлеску, на тым месцы, дзе некалі стаяла прыгожая беларуская вёсачка Копанка, пранікала ў самае сэрца. Зараз тут вёскі няма. Фашысты знішчылі яе жыхароў 18 ліпеня 1942 года, спалілі зажыва 186 чалавек. Толькі нямногім удалося выжыць у тым страшэнным пекле. Кручка Надзея Раманаўна, Кручка Уладзімір Іванавіч, Мароз Ядзвіга Віктараўна, Фяськова Ганна Сямёнаўна, Дзям’янава Таіса Пятроўна, Дзям’янава Тэкля Пятроўна –  гэта людзі з вогненнай вёскі Копанка, якія змаглі выратавацца. Яны  – жывыя сведкі жудаснай трагедыі.


«Я ўсё памятаю. Сабралі нас фашысты каля будынка школы. Хто не хацеў ісці, тых расстрэльвалі на месцы. Людзей сабралася многа, паглядзелі немцы, што ўсе не памесцяцца ў будынку школы, і сагналі нас – дзяцей, старых, жанчын і мужчын – да хлява. Мне было тады 14 гадоў, але я памятаю, што немцы пыталіся ва ўсіх, дзе партызаны. Многіх пастралялі з кулямётаў, а потым, закрыўшы людзей у хляве, пачалі паліць жывымі… Ад жаху людзі наваліліся на вароты, праламілі іх і пачалі разбягацца хто куды. Фашысты стралялі па іх з кулямётаў. Я бегла разам са сваёй сястрой, у якой на руках было дзіцятка. Сястра прасіла, каб, калі яе заб’юць, я зберагла хлопчыка, вырасціла яго. Але, дзякуй Богу, нам пашчаслівіла выжыць у тыя страшэнныя дні… Колькі мук вынеслі мы, хаваючыся ад немцаў…» – успамінае аб тых страшных днях Надзея Кручка, якой цудам удалося збегчы ад нямецкіх карнікаў.


Працяг чытайце ў газеце «Народны голас».


Таццяна Петрухно



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *