У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 лютага 2006 года «Аб мерах па ўпарадкаванні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці» у раёне працягваецца работа па выяўленні ў сельскай мясцовасці жылых дамоў, якія безгаспадарча ўтрымліваюцца, скарачэнні іх колькасці і добраўпарадкаванні населеных пунктаў.
Толькі ў перыяд з 21 сакавіка па 18 красавіка, падчас правядзення месячніка па добраўпарадкаванні, у раёне знесены 32 старыя дамы і пабудовы, закапана 16 фундаментаў. Пра тое, як ідзе работа ў гэтым накірунку ў Рамязоўскім сельскім Савеце, расказвае яго старшыня Таццяна Сакалоўская:
– На тэрыторыі сельсавета належыць знесці каля 60 пустуючых старых дамоў. Дамы зносяцца ў Рамязах, Дзвіжках і Вішаньках. Ужо знесена 13 такіх дамоў, былыя селішчы вычышчаны і закапаны. Агульны выгляд тэрыторыі на месцы былых паўразваленых дамоў і пабудоў значна паляпшаецца.
Трэба сказаць, што ў лютым гэтага года Прэзідэнтам падпі-саны Указ № 100 «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці», які ўступіць у сілу 1 верасня гэтага года. Выданне дадзенага дакумента абумоўлена складанасцямі, выяўленымі пры прымяненні на практыцы указа № 70, і неабходнасцю спрашчэння працэдур выяўлення жылых дамоў, якія ўтрымліваюцца безгаспадарча, а таксама актывізацыі жыллёвага будаўніцтва ў сельскіх населеных пунктах.
Ганна Гаўрылава