Жанна Байкоўская прысвяціла прафесіі паштальёна больш дваццаці гадоў.
У любое надвор’е яна спяшаецца з тоўстай торбай на рамяні, каб своечасова даставіць пошту адрасатам, прынесці свежую прэсу, іншую карэспандэнцыю, пенсію. Да яе нязменнага сябра-спадарожніка – веласіпеда – прымацаваны невялікі кузавок, куды змяшчаецца не толькі важкая торба з газетамі, але і некаторыя тавары, якія заказваюць у паштовай краме. Гэта лагодная жанчына ўсюды жадана, і яе чакаюць з нецярпеннем.
– Працоўны дзень у паштальёна ненармаваны. У нас ён пачынаецца ў 8 раніцы, а закончваецца, калі ўся карэспандэнцыя будзе дастаўлена па адрасах, – распавядае Жанна Байкоўская. – Вызваляемся, прыкладна, не раней трох-чатырох гадзін дня. Вядома, асноўным абавязкам паштара з’яўляецца дастаўка лістоў і газет. Акрамя таго, у абавязкі паштальёна ўваходзяць афармленне падпіскі на перыядычныя выданні, продаж канвертаў і марак.
Абслугоўвае Жанна Паўлаўна дзясяткі вуліц і сотні хат у Ельску. Яна заўсёды паспявае своечасова разнесці пошту, выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі, і на яе не бывае нараканняў.
– Сваю працу я вельмі люблю, у іншай галіне сябе не ўяўляю, хаця па прафесіі я повар. Зносіны з людзьмі мне дастаўляюць велізарнае задавальненне. Я для іх адначасова і прадстаўнік дзяржаўных структур, і блізкі, нават родны чалавек. Як і яны для мяне, – падзялілася думкамі Жанна Паўлаўна.