Шостага сту-дзеня, напярэдадні вялікага праваслаўнага свята Ражаства Хрыстова, ў выставачнай зале ў чарговы раз адчыніла свае дзверы музычная гасцёўня. Гасцей вечарыны павітала, а таксама павіншавала з Ражаством Хрыстовым і Калядамі дырэктар Ельскага краязнаўчага музея Таццяна Кашэвіч.
Праваслаўныя і народныя традыцыі ў гэты вечар зліліся ў адно цікавае свята. Адкрыла вечарыну выкладчык нядзельнай школы Ельскай Свята-Траецкай царквы Таццяна Кабылінская, якая расказала аб гісторыі з’яўлення даты 7 студзеня ў праваслаўным календары. Не без цікавасці і захаплення госці калядных вячорак паглядзелі тэатралізаваную пастаноўку аб з’яўленні на Зямлі Сына Божага, а таксама даведаліся, чаму менавіта елка з’яўляецца ў кожнай хаце на Ражаство, ззяючы рознакаляровымі агнямі. Цудоўную казку паводле евангельскіх прытчаў падрыхтавалі выхаванцы нядзельнай школы (кіраўнік – Галіна Кручка). Яскравыя і мілагучныя калядныя песні падаравалі ўдзельнікі народнага ансамбля «Ялінка». Падчас свайго выступлення артысты гэтага фальклорнага калектыву прыцягнулі да ўдзелу прысутных у выставачнай зале: усе спявалі калядныя шчадраванні і варажылі разам з Казой і Пеўнікам. Сваю павагу да ўсіх удзельнікаў вячорак гледачы выражалі бурнымі апладысментамі.
Алесь Таполя