Аперацыя «Бусел»

Новости Ельщины

Вёску, у тым ліку і на Ельшчыне,  проста нельга ўявіць без буслоў, бусліных гнёздаў на слупах, буслінага клёкату.

аист

Гняздуюцца буслы ўсюды: на слупах, воданапорных вежах, камінах хат, дрэвах і інш. Часам няўдачнае  гнездаванне прыносіць птушкам клопат, бяду, а калі-нікалі і пагібель. Сёлета такіх фактаў у Ельскім раёне зарэгістравана нямала.

Так, супрацоўнікі Ельскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях неаднаразова выязджалі ў вёскі, дзе буслы ці бусляняты траплялі ў бяду і іх жыццю пагражала сур’ёзная небяспека. Напрыклад, у Кочышчах бусляня заблыталася ў нітках, якія былі ў гняздзе на электрычным слупе, і павісла. Нераўнадушныя мясцовыя жыхары тут жа паднялі выратавальнікаў на ногі, і тыя выратавалі буслінае дзіцяня. Праўда, ножка ў яго ўжо была моцна пакалечана. Праз тыдзень гэтае ж бусляня зноў заблыталася ў шнурках і не магло варухнуцца. Бацькі-буслы прыносілі яму ежу. І зноў выратавальнікі разам з прадстаўнікамі аховы прыроды прыйшлі на дапамогу. Няшчасную птушку забраў да сябе мясцовы жыхар, але, на шчасце, пад вечар таго ж дня птушка змагла паляцець. Будзем спадзявацца, што бусляня выжыве.

Пра гэта нам расказала, патэлефанаваўшы ш рэдакцыю, жыхарка вёскі Кочышчы, якая з болем назірала за ўсімі перыпетыямі жыцця  птушынай сям’і і шукала дапамогі. Яна гатова была забраць бусляня да сябе, каб толькі можна было неяк дастаць яго з высяў.

Вельмі прыемна, што сярод нас жывуць людзі, неабыякавыя да чужой бяды, (няважна, чыя яна – людская ці не), нераўнадушныя да чужога болю, гатовыя дапамагаць у патрэбны час, а пры немагчымасці шукаць паратунку ў іншых, стукаць у часам зачыненыя дзверы…



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *