Абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі адбыўся 25 лістапада 2011 года ў Светлагорску. У святочных мерапрыемствах прынялі ўдзел прадстаўнікі раёна. У склад дэлегацыі ўвайшлі Пісанік Леанід, старшыня раённага выканаўчага камітэта, Матузка Сяргей, старшыня раённага Савета дэпутатаў, Гапонік Анатоль, намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, Цык Георгій, старшыня райкама прафсаюза АПК, Касенка Васіль, дырэктар КСУП «Скараднянскі», Бабчанок Рыгор, дырэктар КСУП «Саўгас «Камуніст», Кашэвіч Віктар, загадчык рамонтнай майстэрні КСУП «Саўгас «Камуніст», Кошель Алег, вадзіцель дзяржаўнага прадпрыемства «Ельскае Палессе», Марозава Алена, дырэктар КСУП «Ельск», Ляўкоўскі Аляксей, вадзіцель КСУП «Скараднянскі», Цалка Сяргей, камбайнер КСУП «Скараднянскі», Карлюк Сяргей, камбайнер КСУП «Ельск».
Сваімі ўражаннямі ад свята падзяліўся намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Гапонік:
– Асабіста мяне ўразіла вы-ступленне губернатара вобласці Уладзіміра Дворніка, які прывёў яскравыя лічбы поспехаў у сельскай гаспадарцы ў гэтым складаным годзе. Не гледзячы на ня-простыя ўмовы надвор’я, вобласць змагла зрабіць істотны крок наперад. Сабрана 1млн 240 тыс. тон зерня, што на 40 % больш мінулагодняга паказчыка. На 46 % павялічана вытворчасць бульбы, на 30 % – гародніны. Было адзначана, што вобласць атрымала рэкордны ўраджай кармоў. Так, на кожную ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана па 37 ц кармавых адзінак травяністых кармоў, а гэта амаль на 60 % больш, чым у мінулым годзе. Добрых паказчыкаў у нарыхтоўцы кармоў дасягнуў і Ельскі раён.
На мерапрыемстве адбылося ўшаноўванне пераможцаў абласнога спаборніцтва па ўборцы ўраджаю зерня і зернебабовых культур, а таксама па нарыхтоўцы кармоў. Дыпломы і падарункі атрымалі лепшыя камбайнеры, вадзіцелі, калектывы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і раёнаў. Ад абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Алена Марозава атрымала «Удзячнасць» і каштоўны падарунак.
У святочных мерапрыемствах прыняў удзел Міхаіл Русы, Міністр сельскай гаспадаркі Беларусі, які ў прывітальным слове зазначыў, што паказчыкі, якіх дасягнулі земляробы Гомельшчыны ў гэтым годзе, дастойны павагі. Міністр уручыў у якасці падарунка кіраўнікам гаспадарак дакументы на 5 новых трактараў МТЗ.
Пасля цырымоніі ўзнагароджвання адбыўся цудоўны святочны канцэрт, які вельмі спадабаўся ўдзельнікам раённай дэлегацыі. Трэба адзначыць, што выступалі на сцэне творчыя калектывы Светлагорскага і іншых раёнаў вобласці. Ад Ельскага раёна з канцэртнымі нумарамі вы-ступілі дыпламанты рэгіянальнага фестывалю гарманістаў Палескага краю «Грай, гармонік!» Канопліч Валерый, Неўмяржыцкі Іван.
Аляксандр Смоляр