Сельскім жыхарам сумаваць няма калі. Не паспелі скапаць бульбу, вырваць моркву і буракі, як ужо на чарзе – капуста.
У сям’і Таццяны Трошка з вёскі Дуброва сёлета выдатны ўраджай капусты. Качаны познеспелага гатунку «Атрыя» адзін у адзін: вялізныя, цвёрдыя, цяжкія. Як кажа гаспадыня: хоць на выстаўку!
Капусту з агарода прывозіць сын, а маці з бацькам чысцяць яе, адбіраюць лепшую, размяркоўваюць якую куды: квасіць, шынкаваць, частку можна і на продаж. Добрыя гаспадыні ведаюць безліч страў з капусты. Нездарма ж у народзе заўважана: калі ёсць капуста, на стале не пуста.
Ганна Гаўрылава