Свята гандляроў і пакупнікоў

Общество

На працягу верасня і кастрычніка кожную суботу, у адпаведнасці з распараджэннем Ельскага райвыканкама, у горадзе праводзіліся кірмашы па продажы сельскагаспадарчай прадукцыі. Жыхары горада і раёна мелі магчымасць набыць прадукты сельскагаспадарчай вытворчасці, харчовыя і нехарчовыя тавары па даволі даступных цэнах.


У кірмашах прымалі ўдзел усе камунальныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна, ААТ «Ельскі кансервавы завод», Ельскае райст і фермерскія гаспадаркі. Па дадзеных райвыканкама усяго на продажы сельскагаспадарчай прадукцыі, харчовых і нехарчовых тавараў за верасень і частку кастрычніка было выручана 85,6 мільёнаў рублёў, з іх 61,2 мільёна рублёў гаспадаркамі раёна, 4,5 мільёна рублёў – ААТ «Ельскі кансервавы завод», 19,9 мільёна – Ельскім райст. Сярод гаспадарак раёна найбольшую выручку атрымалі ў КСУП «Саўгас «Камуніст» і КСУП «Ельск».


Вось ужо каторы год у нашым раёне праводзіцца Пакроўскі кірмаш. Гэтая добрая традыцыя не была парушана сёлета. У мінулую нядзелю, 16 кастрычніка, на цэнтральнай плошчы горада прайшоў «Ельскі кірмаш 2011».


З самага ранку руплівыя гаспадары спяшаліся за пакупкамі. Яно і зразумела: трэба ж было паспець і тавар разгледзець, і прыцаніцца, і набыць усё неабходнае. А так як цэны на кірмашы ніжэйшыя, чым звычайна, то недахопу ў пакупніках не назіралася.


Сельскагаспадарчую прадукцыю прадставілі ўсе сельгаспрадпрыемствы Ельшчыны. Акрамя гэтага, завіталі на кірмаш і прадстаўнікі Столінскага, Альшанскага і Нараўлянскага раёнаў, якія прывезлі на продаж буракі, капусту, моркву, памідоры і кандытарскія вырабы. Прыхільнікі рыбы сабраліся ля машыны ААТ «Вопытны рыбхоз «Белае». Сваю прадукцыю прадставілі Ельскае райст, адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Ельскі КБА», «Ельскі кансервавы завод» і індывідуальныя прадпрымальнікі.


На вялікай сцэне, што размясцілася ў цэнтры плошчы, ішло тэатралізаванае прадстаўленне «Кірмашовыя забавы», у час якога перад гледачамі выступілі калектывы Зашырскага і Дабрынскага КСЦ, Скараднянскага і Падгальскага СДК, Качышчанскага ЦК і ВЧ, ансамблі «Вясёлка» і «Ялінка» ГДК «Колас». Непадалёку сваімі вырабамі гандлявалі майстры Ельскага цэнтра рамёстваў, праводзіліся бяспройгрышныя латарэі.


Паміж імправізаваных гандлёвых радоў размясціліся сялянскія падворкі, якія былі падрыхтаваны прадстаўнікамі вясковых устаноў культуры, сельскіх Саветаў і КСУПаў. Чаго толькі тут не было! На сталах ледзь змясціліся ўсе прысмакі. Гаспадары так шчыра запрашалі завітаць у госці і пачаставацца, што прайсці міма было проста немагчыма.


На Рамязоўскім падворку, які ўяўляў сабой сапраўдную сялянскую хату з багата накрытым сталом, было мнагалюдна. Адразу было відаць, што у КСУП «Ельск» атрымалі добры ўраджай. Тут таксама праводзілася латарэя, гандлявалі сувенірамі.


Кожны, хто трапіў на Скараднянскі падворак, быў прыемна ўражаны колькасцю і разнастайнасцю прыгатаваных страў, а таксама незвычайнымі формамі морквы і груш, што выраслі ў гаспадароў.
Вясёлымі песнямі сустракалі наведвальнікаў на падворку КСУП «Ельскае Палессе».


З гумарам і фантазіяй аформілі сваё падвор’е прадстаўнікі КСУП «Падгалле». Паглядзеўшы на незвычайных жаніха і нявесту, зробленых з гарбузоў, адразу станавілася зразумела: тут святкуюць вяселле. Ля шчодра накрытага стала з рознымі прысмакамі і сапраўдным самаварам, размясцілася дзівоснае дрэва з кукурузы і каліны, вакол якога спявалі і танцавалі гаспадары і госці.


На Зашырскім падворку ў ролі гаспадара выступаў сам кіраўнік КСУП «Саўгас «Камуніст» Рыгор Бабчанок. Ён з уласцівай яму гасціннасцю запрашаў гасцей да стала, на якім па традыцыі быў і духмяны зашырскі каравай, і бліны, і запечаная рыба з мяснымі далікатэсамі. Шашлык па-зашырскі і наварыстая юшка, якія гатавалі тут жа, разыйшліся на ўра.


Дабрынскі падворак многіх прывабіў мёдам і адмысловымі пачастункамі. Гаспадыні ў нацыянальных касцюмах надавалі асаблівы каларыт «сялянскай хаце».


Дарэчы, спецыяльная камісія на чале з выконваючым абавязкі старшыні райвыканкама, намеснікам старшыні Рыгорам Цыкам прызнала лепшым падворак КСУП «Саўгас «Камуніст», другое месца прысудзілі КСУП «Скараднянскі», а трэцяе – КСУП «Дабрынь».


Прыемна было бачыць, як шчаслівыя пакупнікі дзяліліся ўражаннямі, задаволеныя гандляры падлічвалі грошы, артысты ў прыгожых нацыянальных касцюмах танцавалі з наведвальнікамі кірмашу прама на плошчы… У той сонечны восеньскі дзень, як і на працягу многіх гадоў дагэтуль, Пакроўскі кірмаш прайшоў як свята.


Ганна БУЛАЎКА,
Марта ЛУЧЫК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *