Сям’я з Новай Рудні

Общество

Сям’я Любові Канстанцінаўны і Рыгора Іванавіча Неўчык з Новай Рудні вясною гэтага года адзначыла сваё 50-годдзе. Нядаўна мы пазнаёміліся з гэтымі залатымі маладажонамі і пачулі гісторыю іх кахання, іх сям’і.


– Сама я не тутэйшая, – расказвае Любоў Канстанцінаўна, – нарадзілася ў вёсцы Кузьмічы, у ваенны 1941 год. Нас у бацькоў было пяцёра. Маці ў час вайны невыносна цяжка было з пяццю дзецьмі на руках, асабліва са мной, якой быў толькі месяц. Пазней мне старэйшыя сёстры расказвалі, што маці мая нават згадзілася мяне аддаць чужым людзям, каб іх у Нямеччыну не пагналі. А за мяне збіраліся разлічыцца пуховымі хусткамі. Але ж сёстры адгаварылі маці ад гэтай задумы і так мяне пакінулі ў сям’і. Бацька пасля вайны вярнуўся з фронту, але нядоўга пажыў. Ізноў мы самі жылі, гаравалі, працавалі цяжка. Калі вырасла, працавала ў Кузьмічах у калгасе, які тады называўся «Камунар».


З будучым мужам пазнаёмілася, калі ў кіно пайшла. Ён тады кінамеханікам працаваў. Неўзабаве прыслаў Рыгор сватоў да мяне. 4 сакавіка 1961 года пажаніліся і прыехалі ў Новую Рудню.
Рыгор Іванавіч Неўчык таксама ўсё жыццё цяжка працаваў: быў рабочым і ў леспрамгасе, і 20 гадоў на чыгунцы. Цяпер абое на пенсіі.


У вёсцы наогул нельга ўявіць жыццё без гаспадаркі: трымалі і гаспадары Неўчык раней дамашнюю жывёлу і агароды садзілі. Цяпер ужо здароўя і сіл не хапае. Таму з жывёл – толькі кот, сабака ды куры. І ў агародзе ўсё патрэбнае ёсць.


Любоў Канстанцінаўна і Рыгор Іванавіч вырасцілі дваіх дзяцей – сына Юрыя, якога ўжо, на жаль, няма ў жывых, і дачку Марыю. Марыя зараз жыве і працуе медсястрой у Гомелі. Ёсць у бабулі і дзядулі дзве ўнучкі і адзін праўнучак.


За ўсё свае жыццё Любоў і Рыгор Неўчык ні разу не падумалі нават з’ехаць куды, нягледзячы на тое, што вёска апусцела, стала малалюднай.


– Каб не чыгунка, прапала б  Новая Рудня даўно, – заўважае Рыгор Іванавіч. – Гэта ж трэба, раней каля 300 двароў было ў вёсцы, па 5–7 дзяцей у кожнай сям’і, а цяпер у вёсцы толькі адна карова і адзін конь на 70 жыхароў.


Тым не менш любяць вяскоўцы свой родны куток, дапамагаюць адзін аднаму, калі трэба.


Ганна Булаўка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *