У пятніцу, 15 ліпеня, у рэгіёнах пачалі працаваць школьныя базары. Рашэнне аб тым, каб спецыялізаваныя кірмашы ў гэтым годзе адкрыліся на тыдзень раней, было прынята на мінулым тыдні на нарадзе па пытанні падрыхтоўкі да 2011/2012 навучальнага года, якая прайшла ў беларускім урадзе.
Які асартымент школьнікам і іх бацькам прапануюць беларускія вытворцы і колькі каштуе сабраць дзіця да новага навучальнага года, высвятляў карэспандэнт раённай газеты.
У нашым горадзе, трэба сказаць, асартымент некаторых тавараў пакуль што небагаты. Магчыма, у бліжэйшы час у Ельскі ўнівермаг яшчэ паступяць школьная форма, жылеты, жакеты, штаны і спадніцы. Але цяпер выбар зусім невялікі. Ды і кошт школьных прыбораў нятанны. Так, касцюмы для дзяўчынак каштуюць больш за 200 тысяч. Хутка абяцаюць прывоз адзення і для хлопчыкаў. На сённяшні дзень ва ўнівермагу можна купіць толькі кашулі і піджакі для хлопчыкаў.
Што датычыцца школьнага абутку, то тут асартымент дастаткова шырокі: некалькі відаў туфель, красовак. Амаль усе размеры абутку чакаюць сваіх пакупнікоў. Праўда, цэны на абутак даволі высокія: на дзяўчынак – 95–191 тысяча, на хлопчыкаў – 97–229 тысяч, красоўкі – 42–128 тысяч. Неабходна ўлічваць, што шыюць абутак беларускія прадпрыемствы з натуральнай скуры, таму ён практычны, зручны і даўгавечны. Але ж дзеці растуць вельмі хутка, таму выкладванне на абутак сотню–другую беларускіх рублёў ( а калі ў сям’і не адно, а больш дзяцей?) на адзін сезон досыць заўважна бу-дзе біць па кашальку бацькоў.
Нельга забываць і пра канцылярскія тавары для школьнікаў. На прылаўках універмага мы знайшлі школьныя прылады па наступных цэнах: шарыкавыя ручкі – 1480–2800 руб., фламасцеры – 8800 руб., алоўкі каляровыя – больш за 10000 руб., дзённікі – 1818 руб., альбомы для малявання – 4720–7890 руб., сшыткі – ад 310 руб. і г.д.
Таму, колькі спатрэбіцца грошай, каб сабраць дзіця ў школу, – лічыце самі. Аднак тое, што гэта справа дарагая, адназначна.
Ганна Булаўка