У Беларусі разам з хрысціянскімі святамі адзначаецца і адно з самых старажытных народных свят – Купалле. Вядомае яшчэ з язычніцкіх часоў, яно мае свае асаблівыя традыцыі: у гэты дзень спяваюць песні, водзяць карагоды, скачуць праз вогнішча, якое, як і купальская раса, лечыць ад розных хвароб.
У мінулую суботу ельчане і госці горада святкавалі Купалле. Цэнтральная плошча сустрэла людзей гучнай музыкай, цікавымі гульнямі, пацешкамі і жартамі. Усе жадаючыя змаглі прыняць удзел у розыгрышы бяспройгрышных латарэй, многія з якіх былі жартоўныя (дарэчы, самы каштоўны прыз у адной з іх быў жывы трус). Да самай ночы працавалі атракцыёны: надзьмутая горка, бодзі-арт (маляванне на целе) і дзіцячы аўтадром.
«Ельскі дом рамёстваў» прадставіў сваю выставу вырабаў з саломкі, вышытых карцін і іншых прыгожых рэчаў, выкананых мясцовымі народнымі майстрамі. Госці свята маглі набыць для сябе і саламяныя сувеніры, і карціны са стужак, і аплікацыі з берасты, і нават вяночкі. Вельмі добра падрыхтавалася да свята Ельскае райпо, якое ўсіх зазывала прыемным пахам шашлыкоў, прапаноўвала розныя стравы, печыва і смачныя блінцы, працавалі кафэ і кулінарыя. Дзеці не адыходзілі ад гандлёвых палатак з салодкай ватай. Моладзь мела магчымасць схадзіць на кінасеанс у ГДК «Колас» альбо патанцаваць на дыскатэцы пад караоке, выкананае іх жа сябрамі. Дарослым жа таксама было чым пабавіць час: і паглядзець, і пачаставацца, і паў-дзельнічаць у розных конкурсах і забавах. На стылізаваным падвор’і за невялікую плату можна было пакаштаваць традыцыйную купальскую ежу – белы сыр, яечню, крупнік, мёд, варэнікі з чарніцами, розныя напоі…
Працяг чытайце ў газеце «Народны голас».
Юлія Разумава