Навучэнцы Ельскай раённай гімназіі Таццяна Неўмяржыцкая і Ягор Шамро ўдастоены прэмій Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта.
Цырымонія ўшаноўвання лепшых юнакоў і дзяўчат прайшла нядаўна ў Гомелі. Узнагароды атрымалі 50 вучняў школ і гімназій з усіх раёнаў вобласці, якія дабіліся высокіх вынікаў у інтэлектуальнай і грамадскай дзейнасці. Сярод лаўрэатаў пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх і абласных прадметных алімпіяд, конкурсаў і канферэнцый.
Так, Ягор Шамро на працягу апошніх двух гадоў станавіўся пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па тэхнічнай працы. Таццяна Неўмяржыцкая стала пераможцай трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Акрамя таго, яны – актыўныя ўдзельнікі шматлікіх конкурсаў і спаборніцтваў.
Заслужаныя граматы ўручыў залатой моладзі Гомельшчыны старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алег Барысенка. Ён выказаў надзею, што ўсе сёлетнія лаўрэаты і далей будуць удасканальваць свае веды і практычныя навыкі, каб дабівацца новых поспехаў і зрабіць правільны выбар у жыцці.
– У любой справе патрэбны спецыялісты, здольныя аналізаваць, думаць і ўкараняць у практыку новыя дасягненні, – падкрэсліў Алег Барысенка. – У вас ёсць усе шансы быць запатрабаванымі ў грамадстве.
Поспехаў у вучобе і правільнага прафесійнага выбару пажадаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алег Барысенка, уручаючы ганаровыя граматы ельскім гімназістам Таццяне Неўмяржыцкай і Ягору Шамро. Па словах Таццяны і Ягора, атрымаць высокую ўзнагароду і прэмію аблвыканкама вельмі пачэсна і адказна. Таму і далей яны будуць працаваць з поўнай аддачай, каб пацвердзіць званне лепшых навучэнцаў.
Таццяна ПЕТРУХНО
Молодцы ребята! Вы лучшие!