Рэспубліканскі маніторынг работы па аказанні падтрымкі ветэранам і пажылым людзям, а таксама асобам, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, праводзіцца зараз у Ельскім раёне.
У склад рабочай групы ўвайшлі прадстаўнікі трох Міністэрстваў — антыманапольнага рэгулявання і гандлю, культуры і інфармацыі, а таксама з камітэта працы і сацыяльнай абароны Гродзенскага аблвыканкама. Яны наведваюць прадпрыемствы і арганізацыі раёна.
Члены Міжведамаснай камісіі пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны на месцах вывучаюць пытанні арганізацыі падтрымкі асобных катэгорый грамадзян, парадак прадастаўлення ім ільгот і аказання неабходнай дапамогі. Так, учора, 14 снежня, прадстаўнікі ведамстваў пабывалі ў аграгарадку Дабрынь, дзе наведалі сацыяльныя аб’екты, азнаёміліся з умовамі пражывання і адпачынку пажылых людзей. У гэты ж дзень члены Міжведамаснай камісіі сустрэліся з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Рыгорам Сцяпанавічам Прыходзька, пагутарылі з паважаным чалавекам, уважліва выслухалі яго ўспаміны і рэкамендацыі.
Сёння члены Міжведамаснай камісіі працягваюць маніторынг на тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў і ў горадзе Ельску.