Цёплыя словы пра бацьку Уладзіміра Хамутоўскага з Ельшчыны расказваюць дзеці

Личности

Пра Уладзіміра Хамутоўскага, ураджэнца вёскі Казлы Ельскага раёна, які жыў і працаваў у сельскай гаспадарцы Лагойшчыны, раённая газета «Народны голас» пісала неаднойчы.

У. Хамутоўскі з гармонікам сярод сяброў
У. Хамутоўскі з гармонікам сярод сяброў

Акрамя гэтага, Уладзімір Хамутоўскі з’ўляецца аўтарам аповесці «Буралом» пра гісторыю сваёй сям’і і кнігі «Споведзь шчырага сэрца» пра жыхароў вёсак Казлы і Падгалле. Нядаўна нам давялося пазнаёміцца з дочкамі аўтара – Аленай, Наталляй, Таццянай і Ганнай, якія жывуць на Міншчыне, і даведацца многа цікавага пра нашага земляка.

– Бацька быў асобай неардынарнай, рознабаковай, нават у двух словах і сказаць нельга, – пачала аповед пра бацьку Наталля. – Гэта быў чалавек, які любіў сваю бацькаўшчыну, ганарыўся ёю, любіў наогул зямлю, таму і працаваў на ёй практычна ўсё жыццё. Прайшоўшы так званую бацькаву і матчыну навуку на малой радзіме – вёсцы Казлы, паступіў у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут на заатэхніка. Студэнцкія гады заўсёды ўспамінаў з цеплынёй і задавальненнем. Гэта была пара новых знаёмстваў, сяброў, з якімі ішлі поруч усё жыццё, знаходжання сямейнага шчасця. Так, іменна ў студэнцкія гады бацька пазнаёміўся з будучай жонкай, нашай маці, якая асвойвала ў педінстытуце прафесію настаўніцы хіміі і біялогіі (маці наша пайшла з жыцця ў мінулым годзе). Дарэчы, мае сёстры Ганна і Алена таксама, як і мама, выкладаюць у школе хімію і біялогію.
У сельгасінстытуце бацька актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці навучальнай установы. Пра гэта сведчаць шматлікія граматы і фотаздымкі, на якіх яго можна ўбачыць і ў тэатральных пастаноўках, і на лыжах… Гэтая яго актыўнасць не знікла з часам. Пазней ён таксама быў завадатарам і арганізатарам усіх сямейных святаў, урачыстасцяў, сустрэч з сябрамі.

– Здольнасць бацькі аб’ядноўваць вакол сябе людзей заўсёды здзіўляла, – дадала малодшая сястра Таццяна. – Працуючы ў свой час старшынёй калгаса і практычна ніколі не маючы вольнага часу, бацька паспяваў нас і ў тэатр у Мінск вывозіць, і дапамагаць па гаспадарцы нашым бабулі і дзядулі, якія жылі ў вёсцы пад Лагойскам, і нават ладзіць сустрэчы са шматлікімі родзічамі і сябрамі. І хаця мамы і таты ўжо няма побач, некаторыя сустрэчы ў нас сталі ўжо традыцыйнымі і адбываюцца штогод.

Яшчэ адна выразная рыса характару бацькі – яго працалюбства. Ён быў вельмі працавітым чалавекам ва ўсіх адносінах. Ён жыў і працаваў так, быццам спяшаўся, што не паспее нешта зрабіць…
Да размовы пра Уладзіміра Хамутоўскага далучылася і самая малодшая Ганна:
– У бацькі было вельмі многа захапленняў. Напрыклад, ён вельмі любіў спяваць, і гэта ў яго хораша атрымлівалася. Ён быў душой любой кампаніі. Любіў іграць на гармоніку. Гэта ў яго захапленне з дзяцінства. Яшчэ адно захапленне – грыбы. Любіў збіраць сам і ўсю сям’ю прывучыў да гэтай справы.
– А яшчэ бацька любіў дакладнасць і ўпарадкаванасць ва ўсім, – дадае Наталля. – Кожны фотаздымак, кожны артыкул, кожны сшытак у яго падпісаны. Нават запісы, якія ён вёў, калі быў старшынёй калгаса, зроблены акуратна і дакладна. Уявіце, як зараз нам, калі яго ўжо няма і няма ў каго спытацца, зручна знаходзіць падпісаныя сшыткі, фотаздымкі. Кожную сваю кнігу ён таксама падпісваў персанальна таму, каму дарыў, і абавязкова прысвячаў цёплыя словы.

На наша пытанне, як чалавек ад зямлі, кіраўнік гаспадаркі, а пазней начальнік сельгасупраўлення, прыйшоў да літаратурнай творчасці, дзяўчаты расказалі:

– У бацькі з узростам пачаліся сур’ёзныя праблемы з сэрцам і адбыўся сардэчны прыступ. Таму, калі яго сябар прапанаваў перайсці да яго працаваць у прыватную фірму, бацька згадзіўся. Тады ў яго з’явілася больш вольнага часу, больш часу для ўпарадкавання думак, якія ён і занатаваў у сваіх рукапісах. Так з’явілася кніга «Споведзь шчырага сэрца» пра аднавяскоўцаў бацькі, а пазней – аповесць «Буралом» пра сям’ю Хамутоўскіх, якой выпала нямала выпрабаванняў і ў пачатку 20 стагоддзя, і ў час Вялікай Айчыннай вайны. Засталіся яшчэ вершы, якія, на жаль, ён не паспеў надрукаваць…

Ад размовы з нашчадкамі Уладзіміра Хамутоўскага на душы засталося прыемнае, шчымлівае і цёплае адчуванне нібыта завочнага знаёмства з гэтым чалавекам. Здзівіла адкрытасць і шчырасць яго дачок, здзівіла сувязь пакаленняў, якую яны захоўваюць у сваіх адносінах. І заснавальнікам гэтай непарыўнай сувязі стаў іменна ён, Уладзімір Пятровіч Хамутоўскі.

Ганна Гаўрылава

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *