Не так многа часу засталося да Дня беларускага пісьменства, які адбудзецца 4 верасня бягучага года ў Рагачове.
Праграма Дня беларускага пісьменства будзе ўключаць больш за 70 розных мерапрыемстваў, сярод якіх – «Славянскія літаратурныя дажынкі», тэлемост з пабрацімамі Рагачова, шматлікія канцэрты, тэматычныя выставы і інш.
На свяце будзе прадстаўлена і самабытная калекцыя «Ельскі фартушок», якую сабралі супрацоўнікі Ельскай раённай цэнтральнай бібліятэкі. Па словах дырэктара бібліятэкі Надзеі Суткаленка, зараз налічваецца больш сотні розных вышыванак. Патрэбна адзначыць, что двух аднолькавых фартухоў ці ручнікоў няма, кожны эксклюзіўны і існуе ў адзіным экземпляры. Найстарэйшы фартух калекцыі датуецца 1897 годам, ён вытканы жыхаркай вёскі Багуцічы Людзвінай Матузка.
Асаблівую значнасць выстава «Ельскі фартушок» набывае зараз, у Год культуры, калі вялікая ўвага ўдзяляецца народнай творчасці, захаванню сваіх каранёў і традыцый. Можна з упэўненасцю сказаць, што выстава майстрых Ельскага раёна займе дастойнае месца сярод шматлікіх экспанатаў свята Дня беларускага пісьменства.
Ганна ВЯРБІЦКАЯ