У КСУП «Ельскае Палессе» пасяўная кампанія набірае абароты

Сельское хозяйство

У КСУП «Ельскае Палессе» пасяўная кампанія пачалася ў сярэдзіне сакавіка. Нягледзячы на ўсе капрызы прыроды, якая пачаставала ўсіх і дажджом, і снегам у пачатку красавіка, праходзіць яна даволі паспяхова ў гэтай гаспадарцы.

Канапацкий-Лёша

Галоўным аграномам у «Ельскім Палессі» другі год працуе Ірына Гуд. Гэта яе першая пасяўная ў гэтай гаспадарцы. Ірына Мікалаеўна расказала, што большая частка палеткаў, адведзеных пад раннія яравыя культуры, ужо засеяна. Так, ужо пасеяны ўвесь авёс, узяліся за ячмень.

– Сёлета ў сельгаспрадпрыемстве, – назвала лічбы Ірына Гуд, – запланавана пасеяць 450 гектараў аўса, 350 гектараў ячменю, 2410 гектараў кукурузы, па 25 гектараў проса і грэчкі. Таксама плануем вырошчваць сланечнік, пад які будзе адведзена 10 га. Механізатары працуюць рупліва, стараюцца ўсё выконваць своечасова. Думаю, пастаўленае заданне скончыць сяўбу ранніх яравых збожжавых да сярэдзіны красавіка мы выканаем у тэрмін. Тады прыступім да сяўбы кукурузы, якой належыць больш пасеяць, чым у мінулым годзе.

У той дзень, калі мы наведалі гаспадарку, механізатар Аляксандр Цярэшчанка пачынаў сеяць ячмень на полі каля вёскі Паўлаўка. Трэба адзначыць, што Аляксандр з’яўляецца адным з лепшых работнікаў гаспадаркі і з году ў год лідзіруе сярод механізатараў пасяўной кампаніі на сяўбе ў раёне.

Трапілі мы таксама на поле ў той час, калі вадзіцель Уладзімір Яцухна прывёз абеды для механізатараў. Галоўны аграном Ірына Гуд патлумачыла, што ўсіх работнікаў, занятых на сяўбе, кормяць з першага дня пасяўной кампаніі двойчы на дзень. Гарачая і свежая ежа для механізатараў – выдатная падтрымка на працягу рабочага дня, які доўжыцца з 7 раніцы да 8 вечара. Не трэба браць з сабой сухі паёк з дому, калі ў поле кожны дзень прывязуць суп ці боршч, бульбу з мясам ці плоў і інш. Ды і абыходзіцца для механізатараў гэта зусім нядорага – каля 15–20 тысяч рублёў у дзень. Да таго ж паабедаць трактарысты могуць прама ў аўтамабілі за невялікімі столікамі. У машыне таксама ёсць заўсёды чыстая вада, каб памыць рукі, і ручнікі.
– Для працаўнікоў поля мы імкнемся стварыць усе ўмовы, неабходныя для эфектыўнай і плённай працы. Тады і вынікі абавязкова будуць радаваць, – упэўнена Ірына Мікалаеўна.

Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *