У рэдакцыю «Народнага голаса» даслала ліст Дубадзел Ларыса Мікітаўна, у якім яна расказала пра свайго бацьку Мікіту Анікеевіча Дубадзела, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны.
«Бацькі ўжо няма на гэтым свеце, але я захоўваю яго фотаздымкі, узнагароды і газеты, у якіх былі надрукаваны артыкулы пра яго баявы і жыццёвы шлях.
Нарадзіўся тата ў вёсцы Багуцічы. Там і прайшло яго дзяцінства. Дапамагаў бацькам па гаспадарцы, пасвіў кароў. Са стварэннем калгаса стаў яго актыўным членам. Як вясковага актывіста выбралі яго ў склад выканкома сельскага Савета.
У дваццаць два гады ён быў прызваны на вайсковую службу. Пачынаў радавым, а затым – старшына палкавой школы. Быў курсантам Ленінградскага пяхотнага вучылішча.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, тата служыў у кадравай арміі. Быў ён тады начальнікам снайперскіх збораў 43-й стралковай дывізіі. З першых дзён вайны, з’яўляючыся камандзірам роты 147 стралковага палка, прымаў удзел у баявых аперацыях на Ленінградскім фронце. 900 дзён дывізія гераічна змагалася ля сцен блакаднага Ленінграда – на Коплінскім рубяжы. У адным з баёў тата быў цяжка паранены. Пасля шпіталю ён вярнуўся ў свой полк на пасаду камандзіра транспартнай роты.
Затым баявы шлях 43-й дывізіі 3-га Прыбалтыйскага фронту трымаў кірунак на Эстонію. Тата ўдзельнічаў у баях за вызваленне яе гарадоў і вёсак. Незабыўным быў дзень 13 жніўня 1944 года, калі савецкія войскі штурмам авалодалі горадам Выру і вызвалілі больш 60 населеных пунктаў. А праз некалькі дзён баі перанеслі-ся на тэрыторыю Латвіі.
Я захоўваю ордэн Айчыннай вайны І ступені, ордэн Чырвонай Зоркі, медаль «За баявыя заслугі» і многія іншыя медалі, якімі тата быў узнагароджаны за праяўленыя адвагу і гераізм.
Пасля заканчэння вайны і да ўходу на пенсію тата працаваў старшынёй раённага камітэта ДТСААФ. Калі ён знаходзіўся на заслужаным адпачынку, быў удзельнікам народнага хору ветэранаў вайны і працы, часта бываў у гарадскіх школах, дзе расказваў вучням пра незабыўныя дні Вялікай Айчыннай вайны.
Цяпер я, раскладваючы пажоўклыя ад часу фотаздымкі, успамінаю тату, яго сяброў, расказваю яго нашчадкам пра лёс іх дзеда і прадзеда».