Суседкі Юлія Станіславаўна Чэчка і Алена Станіславаўна Касуха першымі прыйшлі на выбарчы ўчастак № 1 г. Ельска, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак у першы дзень датэрміновага галасавання за кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.
Яшчэ да адкрыцця выбарчага ўчастка, які размясціўся ў будынку ГДК “Колас”, каля ўваходу сабралася некалькі чалавек. Яны з цікавасцю разглядалі кніжную выставу, знаёміліся з выбарчымі праграмамі кандыдатаў.
Пенсіянеркі-суседкі Ю.С.Чэчка і А.С.Касуха, якія пражываюць па вуліцы Пушкіна ў горадзе Ельску, прызналіся, што спяшаліся на выбарчы ўчастак, каб прагаласаваць у ліку першых. За доўгія гады суседскага сяброўства яны па традыцыі ходзяць на выбары разам. Раней хадзілі сем’ямі, а сёлета жанчыны прыйшлі самі, прычым загаддзя, бо ў нядзелю не атрымаецца ў іх наведаць выбарчы ўчастак па сямейных абставінах.