Будучыня незалежнай Беларусі залежыць ад кожнага з нас. У гэтым упэўнены і наш суразмоўца Анатоль Гапонік, першы намеснік старшыні Ельскага райвыканкама.
– За час незалежнаці аграрны сектар нашай краіны набыў пэўную накіраванасць, павялічыліся аб’ёмы сельскагаспадарчай прадукцыі, у некалькі разоў выраслі і аб’ёмы экспарту.
У адпаведнасці з рэспубліканскай праграмай развіцця малочнай галіны на 2010–2015 гады ў краіне ўведзена ў эксплуатацыю 316 новых малочнатаварных ферм і 1081 рэканструявана. Сёння ў рэспубліцы 1,6 тыс. МТФ працуюць па сучасных тэхналогіях вытворчасці малака. Гэтыя фермы абсталяваны даільнымі заламі і рабатызаванымі ўстаноўкамі. Тут знаходзяцца 58 % кароў дойнага статка, і вырабляецца 61,5 % ад агульнага аб’ёму малака.
Паводле дадзеных Мінсельгасхарча, за студзень–ліпень бягучага года забяспечаны тэмп росту вытворчасці малака па краіне да аналагічнага ўзроўню мінулага года – 107,2 %, тэмп росту прадукцыйнасці дойнага статка склаў 105,4 %. Гэтыя вынікі дасягнуты ў тым ліку дзякуючы рэканструкцыі ферм, шляхам штодзённай працы працаўнікоў вёскі, аграрыяў краіны, а таксама жыхароў Ельскага раёна.
У апошнія гады на Ельшчыне з’явіліся новыя малочнатаварныя комплексы. Пабудаваны яны ў аграгарадках Дабрынь, Скароднае, у вёсках Жукі, Дуброва, Засінцы, Прачомышля. Пэўная ўвага надавалася рэканструкцыі будынкаў МТФ у населеных пунктах Ельскага раёна. Так, была праведзена рэканструкцыя і мадэрнізацыя ферм ў вёсках Валаўск, Дуброва, Млынок, Старое Высокае і Кочышчы. На гэтых фермах створаны добрыя ўмовы для працы людзей, а таксама для ўтрымання жывёлы. І трэба адзначыць, што вынікі працы ў гэтым накірунку нас радуюць. Звернемся да лічб. Надоі малака ад коровы за апошнія пятнаццаць гадоў выраслі на 1650 кг.
Ураджайнасць збожжавых за апошнія гады таксама павялічылася. Так, у мінулым годзе ўраджайнасць склала – 36,2 ц/га, у той час як у 2000 годзе яна была 15,5 ц/га.
Значна змяніўся знешні выгляд населеных пунктаў Ельскага раёна. У рэгіёне добраўпарадкаваны аграгарадкі, у якіх створана неабходная інфраструктура і маюцца ўсе ўмовы для жыцця і дабрабыту сельскіх жыхароў.
Аграрыі Ельшчыны – працавітыя і добрасумленныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі. Яны робяць усё для таго, каб сабраць добрыя ўраджаі, дабіцца высокіх надояў. У іх ёсць жаданне працаваць і ўносіць свой уклад у дзяржаўную скарбонку, каб Беларусь і надалей квітнела.
Таццяна Петрухно