Немалаважным складальнікам добрага выніку ў сельскай гаспадарцы з’яўляюцца не толькі добрае надвор’е і спраўная тэхніка, але і тое, што ў механізатара на талерцы. Разам з прафсаюзным лідарам аграпрамысловага комплексу журналісты раённай газеты нядаўна высвятлялі, наколькі збалансаванае харчаванне ў работнікаў нівы.
Напярэдадні старту масавых палявых работ старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Багінская разам з журналістамі «НГ» наведала ўсе гаспадаркі Ельшчыны, дзе азнаёмілася з працай ведамасных сталовых і арганізацыяй гарачага харчавання для механізатараў і іншых катэгорый работнікаў. Па словах прафсаюзнага лідара, харчаванне работнікаў сельскай гаспадаркі сёлета арганізавана ў чатырох сталовых: КСУП «Скарадянскі», «Ельск», «Саўгас «Камуніст» і «Дабрынь».
– Кіраўніцтвам гаспадарак праведзена добрая работа па падрыхтоўцы сталовых да сезону, – адзначыла Вольга Багінская. – Праведзены рамонт памяшканняў, афарбоўка, пабелка ўсяго неабходнага, набыты новы кухонны і сталовы посуд, мыючыя і дэзінфіцыруючыя сродкі.
Кошт двухразовага харчавання для механізатараў складае ад 4 да 8 рублёў. Але, згодна з калектыўнымі дагаворамі, якія дзейнічаюць у сельгаспрадпрыемствах раёна, работнікі аплочваюць толькі 20 працэнтаў ад кошту ва ўсіх гаспадарках, акрамя КСУП «Ельск» (тут для ўсіх працуючых прадугледжана бясплатнае харчаванне).
Разам з прафсаюзным лідарам Вольгай Багінскай мы пабывалі на тэрыторыі КСУП «Дабрынь» і на ўласныя вочы пабачылі, як тут арганізавана харчаванне механізатараў.
Гатуе ежу ў сталовай сельгаспрадпрыемства повар са шматгадовым стажам Тамара Зуевіч.
– Сёння, напрыклад, у нас у меню суп рысавы, галубцы, кісель і бяляш, – пералічвае пазіцыі меню Тамара Фёдараўна. – Стараемся радаваць нашых работ-нікаў разнастайнымі стравамі: супы кожны дзень тыдня не паўтараюцца, у абед абавязкова ўваходзяць мясныя стравы (галубцы, катлеты, шніцалі, гуляш). Усё робім для таго, каб механізатары і работнікі ферм добра падмацаваліся і мелі сілы вынікова працаваць.
Трэба адзначыць, што Тамара Зуевіч штодня гатуе абеды ў сярэднім для 40 чалавек. Большасць абедаў раскладваецца ў спецыяльныя кантэйнеры і накіроўваецца спецыяльнай машынай на працоўныя месцы. Некаторыя ж работнікі сельгаспрад-прыемства прыходзяць харчавацца непасрэдна ў сталовую.
Так званай палявой сталовай у КСУП «Дабрынь» кіруе аграном-аграхімік Іван Дошчыч. Ён складвае ўсе кантэйнеры ў аўтамабіль, запаўняе ёмістасці пітной вадой, правярае наяўнасць мыючых сродкаў, рушнікоў і адпраўляецца ў дарогу. Штодзень наматвае не адзін дзясятак кіламетраў, пераязджаючы ад аднаго аб’екта да другога.
– Марудзіць нельга ў гэтай справе, – расказвае Іван Дошчыч (на фота – злева). – Усе механізатары працуюць з самага ранку, кожнаму трэба хутка да-ставіць абед на рабочае месца.
Заглядваем у аўтамабіль да Івана: тут, сапраўды, усё цывільна: ёсць сродкі для мыцця, выцірання і апрацоўкі рук, невялікі пераносны столік, за якім змяшчаюцца чатыры чалавекі. Першае, другое, кампот і булачка да яго – усё свежае, яшчэ гарачае са спецыяльных кантэйнераў, абавязкова з усмешкай і пажаданнем смачна есці.
– Зручна, што не трэба надоўга адрывацца ад работы, – кажа трактарыст Аляксандр Цярэшчанка (на фота – справа), які араў глебу недалёка ад вёскі Роза Люксембург. – Гатуюць у сталовай нашы гаспадыні вельмі смачна, добра, што прывозяць заўжды гарачае, асабліва ў такое пераменлівае надвор’е. Мне падабаецца ўвесь рацыён, сваю порцыю заўжды з’ядаю цалкам і дзякую паварам.
– У час маніторынгаў найперш звяртаем увагу на абсталяванне – аўтатранспарт, сродкі гігіены, ёмістасці, у якіх дастаўляецца ежа, посуд, – пракаменціравала арганізацыю харчавання работнікаў сельгаспрадпрыемстваў Вольга Багінская. – Пастаянна кантралюем якасць і збалансаванасць страваў, аб’ём порцый, знаёмімся з водгукамі саміх механізатараў аб рабоце сталовай, з улікам усіх гэтых фактараў робім высновы і ўносім прапановы кіраўніцтву гаспадаркі.
Вядома, для чалавека вельмі важна, каб пра яго клапаціліся. Тады хочацца зрабіць прыемнае ў адказ, выканаць даручаную работу як мага лепш. А гэта, у сваю чаргу, заклад поспеху ў любой справе.