Аўтарскі погляд: Апошнія выпускнікі ХХ стагоддзя

Главное

Падлічыўшы, што сёлета ўжо спаўняецца дваццаць пяць гадоў пасля заканчэння школы і час збірацца на вечар сустрэчы з выпускнікамі, я незнарок схамянулася: гэта ж мы, выпускнікі 1999 года, з’яўляемся апошнімі выпускнікамі дваццатага стагоддзя!


У Валаўскай школе, якую я скончыла чвэрць стагоддзя таму (ой, аж страшна ад лічбы!), вечары сустрэчы, як і ў іншых школах, па традыцыі ладзяцца ў першую нядзелю лютага. Асаблівая ўвага, канешне ж, – юбілейным выпускам. І кожны выпускнік загадзя ведае, калі дамаўляцца з былымі аднакласнікамі і збірацца на ўрокі ўспамінаў, а калі хто і забыўся, то запрашэнне ад цяперашніх вучняў знойдзе выпускніка абавязкова. Можаце са мною пас-прачацца, але толькі ў вясковых школах вечары сустрэчы з выпускнікамі асабліва шчырыя і душэўныя, бо ўсе аднакласнікі – гэта адна невялікая сям’я.
Многія гавораць, што не любяць вечароў сустрэч з аднакласнікамі, бо не хочуць прызнавацца сабе, што сталі ўжо дарослымі цёткамі і дзядзькамі. Але гэта не пра мой клас. У юбілейныя гады мы з задавальненнем сустракаемся ў першую лютаўскую суботу ў нашым класе роднай школы, запрашаем сваю першую настаўніцу Марыю Міхайлаўну Шарынец, класнага кіраўніка Ірыну Міхайлаўну Растрэпіну, расказваем пра сваё жыццё-быццё, жартуем, успамінаем. Пасля з важным вы-глядам (бо мы сёння галоўныя дзеючыя асобы!) займаем ганаровыя месцы ў зале за столікамі з круглымі лічбамі для юбіляраў, разглядаем старэйшых і малодшых выпускнікоў, знаёмімся з незнаёмымі ўжо цяперашнімі школьнікамі, перакідваемся словам са сваімі, ужо ссівелымі настаўнікамі… Пазней тайком выціраем няпрошаную слязіну ад выступлення дырэктара школы Мікалая Іванавіча Кохана, які пастаянна пералічвае імёны тых выпускнікоў і настаўнікаў, якія ўжо больш ніколі не прыйдуць на вечар сустрэчы ў сваю школу… Балюча, але ў ліку названых ёсць і наш аднакласнік, які разам з братам загінуў на заробках у суседняй краіне.
Калі вярнуцца да думкі, што наш клас – апошні выпускны клас мінулага стагоддзя, то трэба сказаць, што мы гэтым ганарымся. Так, мы нарадзіліся ў савецкай дзяржаве, былі акцябратамі, піянерамі. Праўда, камсамольцамі не сталі, пайшлі ўжо ў БРСМ. Але савецкія ідэалы ў нас ўжо былі закладзены. І я ганаруся тым, што мы не шукалі шчасця на чужыне, усе жывём і працуем у Беларусі. Так, зорак з неба не хапаем, але сярод нас ёсць дырэктар завода, бухгалтар, працаўнікі сельскай гаспадаркіі, псіхолаг, будаўнік… У нашым класе ўжо больш за два дзясяткі дзяцей, дарослых, і ўнукі неўзабаве пойдуць… Але каб хто нам прапанаваў паскакаць у «класікі», то чарга б выстраілася.
Жыццё ідзе, мы сталеем, малалюднее наша родная школа. Але ж пакуль яна стаіць, датуль мы адчуваем сябе дзецьмі. І сёння ўвечары зноў збяромся ў нашым класе, будзем многа гаварыць і ўспамінаць, успамінаць…
Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *