Добрай традыцыі прытрымліваюцца ў ельскім дзіцячым садзе № 1: па чацвяргах усе размаўляюць па-беларуску

Новости Ельщины Образование

Адчуць сябе патрыётам, юным абаронцам лесу або вучоным можа кожнае дзіця. У гэтым упэўнены педагогі ельскага дзіцячага сада № 1. Больш падрабязна пра тое, як ажыццяўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне самых маленькіх жыхароў горада і як будуецца работа ў іншых напрамках, расказвае карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Патрыятычны настрой

У гэтай дашкольнай установе працуе дружны калектыў, які трапятліва ставіцца да кожнага выхаванца, а таксама грыміць сваімі поспехамі, праектамі і дасягненнямі, якія праслаўляюць Ельшчыну як на абласным, так і на рэспубліканскім узроўні.

— Выхаванне паважлівых адносін да гераічнага мінулага свайго народа — ­адзін з актуальных напрамкаў дзейнасці, — расказвае загадчыца дзіцячага сада № 1 Аксана Купрыенка. — Таму перад педагогамі паўстае пытанне выбару зместу і прыёмаў работы па азнаямленні выхаванцаў з гісторыяй роднага краю, з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Так, летась яны ўдзельнічалі ў адукацыйным праекце “Мы помнім! Мы ганарымся!”, прадставілі свой вопыт па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзрос­ту, у рамках якога правялі міні-даследаванне “Каштоўнасць маёй сям’і”, чэлендж “Марафон памяці”, фотачэлендж “Ніхто не забыты, і мы не забудзем!”, вывучалі экспанаты музея ў чамадане. Дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў мастацкай гасцінай “Бэз Перамогі” і інтэрактыўных гульнях, дэманстравалі свае блогерскія навыкі ў рэпартажах “Гісторыя продкаў — багацце сям’і”.

Педагогі змаглі зацікавіць даследчай работай не толькі маленькіх чамучак, але і іх бацькоў, што, несумненна, дазволіла ўзбагаціць дзіцяча-бацькоўскія адносіны. Напрыклад, дарослыя дзяліліся сямейнымі рэчамі для музея ў чамадане. Так у ім з’явіліся прадметы ваеннага часу, фотаздымкі прадзядуляў і прабабуль. Дзеці тым самым змаг­лі пашырыць свае ўяўленні пра вайну і подзвігі беларускага народа, пра абаронцаў Айчыны. Яны адчулі пачуццё гордасці за стойкасць і самаахвярнасць сваіх родных.

Цэнтр па бяспецы жыццядзейнасці дазваляе растлумачыць маленькім чамучкам алгарытм дзеянняў у шматлікіх небяспечных сітуацыях, якія могуць нечакана здарыцца.

— А яшчэ разам з выхаванцамі мы перамаглі ў займальным адукацыйным квесце “Жывая памяць пакаленняў”, у якім прымалі ўдзел каля 80 устаноў дашкольнай адукацыі, — адзначае Аксана Анатольеўна. — Гэтае мерапрыемства неверагодным чынам згуртавала ўвесь калектыў, дзяцей і іх бацькоў. Сем’і не толькі па­дзяліліся рэчамі, якія адносяцца да ваеннага часу, але і напісалі іх гісторыі, прычым прэзентацыю даверылі дзецям. Хлопчыкі і дзяўчынкі настолькі зацікавіліся, што праектная дзейнасць працягнулася экскурсійнай: удалося наведаць ужо больш за 30 памятных мясцін, дзе выхаванцы змаглі адчуць трагедыю і боль пакалення ваеннага часу.

З году ў год педагогі дашкольнай установы адукацыі працягваюць сваю дзей­насць па грамадзянска-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Яны распрацавалі шмат аўтарскіх гульняў, якіх не сустрэнеш на прасторах інтэрнэту. У асноўным квесты прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

Сакральная энергія

— Акрамя грамадзянска-патрыятычнага выхавання, асаблівую ўвагу педагогі ўдзя­ляюць духоўна-маральнай і культурнай траекторыі развіцця дашкольнікаў, — паведамляе Аксана Купрыенка. — У нашай установе ёсць унікальны этнаграфічны пакой, які адзін з нямногіх у рэспубліцы мае такую добрую музейную базу. Дарэчы, гэта не раз адзначалі і музейныя супрацоўнікі. На працягу многіх гадоў экскурсаводамі этнаграфічнага пакоя з’яўляюцца менавіта дзеці. Знаёміць з традыцыямі беларускага народа іх пачынаюць з сярэдняй групы.

Выхаванцы старшай групы не толькі ведаюць усё пра прадметы побыту, якімі карысталіся іх прабабулі і прадзядулі, але і дзеляцца сваімі ведамі пра гэта праз вершы на беларускай мове. Хлопчыкі і дзяўчынкі праводзяць экскурсію і расказваюць пра свае любімыя куткі гэтага пакоя. Прычым яны даволі шмат мо­гуць паведаміць пра тую ці іншую рэч, лёгка карыстаюцца тэрміналогіяй мінулых гадоў, ведаюць, для чаго быў прызначаны прас і якія адметныя асаблівасці мелі ручнікі. Увагу дзяўчынак, вядома, прыцягвае калыска з лялькай, хлопчыкаў больш цікавіць калаўрот.

— Заўсёды ў цэнтры ўвагі маслабойка, а таксама ўсё, што рухаецца і круціцца, — уключаецца ў размову музычны кіраўнік Ірына Семяненка. — Ад дзяцей часта чую такую фразу: “Я хацеў бы ў такім пакоі жыць”. Цяпло рук нашых продкаў, сакральная энергія захоўваюцца ў ручніках, посцілках, усе прадметы ствараюць непаўторную атмасферу. Дарэчы, дзяўчынкі са старшых груп ведаюць, якім чынам раней павязвалася хустка на спатканне, а як на службу ў царкву або для працы ў полі.

Расказваючы пра стварэнне музея, гісторыя якога пачалася ў 1994 годзе, Ірына Семяненка падкрэслівае:

— Хацелася, каб дзеці азнаёміліся з багатай народнай культурай, з вытокамі і традыцыямі, з побытам, каб яны маглі параўнаць, як жылі людзі ў даваенны час і цяпер, каб хлопчыкі ўбачылі, наколькі ў нашы дні прасцей весці гаспадарку і спраўляцца з хатнімі клопатамі. Важнае значэнне мае пераемнасць пакаленняў. Трэба знаё­міць выхаванцаў не толькі з побытам і традыцыямі беларускага народа, але і з рамёствамі. Гэта тая злучальная нітка, якая аб’ядноўвае пакаленні. Нашым дочкам і сынам неабходна перадаць маральныя асновы, патрыятычны настрой людзей старэйшага ўзросту. Я заўсёды паўтараю, што без памяці няма народа, без традыцый не існуе культуры, без выхавання няма духоўнасці, а без яе немагчыма існаванне чалавека.

Летась ва ўстанове адкрылася дашкольнае лясніцтва “Лясок”. Педагогі разам з прадстаўнікамі лясніцтва фарміруюць у дзяцей экалагічную культуру.

Педагог звяртае ўвагу на тое, што ў многіх краінах зараз востра стаіць пытанне выхавання дзяцей, назіраецца сур’ёзны крызіс.

— І галоўная прычына гэтага — адсутнасць пераемнасці. Практычна нідзе, акрамя Беларусі і Расіі, не шануюцца культурныя традыцыі роднага краю, традыцыі сям’і і продкаў, — дадае суразмоўніца. — Сёння вельмі важна памятаць свае карані, бо ўсё, што блізка сям’і, добра ўспрымаецца кожным, асабліва дзецьмі. Да таго ж у нашым садзе расказваем выхаванцам і іх бацькам аб праваслаўных традыцыях беларускага народа. Добрай традыцыяй стала правя­дзенне сямейных духоўна-асветніцкіх сустрэч. Імкнёмся да таго, каб малышы папаўнялі свой багаж ведаў не толькі ў садзе, але і дома. Акрамя таго, наш этнаграфічны пакой дазваляе адкрываць свет даследчай дзейнасці для самых маленькіх. Выпадак з практыкі: аднойчы ўвагу выхаванцаў прыцягнула чарніліца, з часам цікавасць стала імпульсам для даследчага праекта па вывучэнні не толькі гісторыі прадмета, але і ўласцівасцей чарніла.

Даведка

У мінулым годзе дзіцячы сад № 1 адсвяткаваў 85 гадоў. Гэта першая ў раёне ўстанова адукацыі, якая была заснавана яшчэ да вайны. Сёння яе наведваюць 150 выхаванцаў, ёсць інтэграваныя групы, а таксама група санаторнага тыпу.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *