Ірына Дворак, фельчар Новаруднянскага ФАП Ельскага раёна, 25 гадоў працуе на адным месцы

Здоровье Личности

У зоне абслугоўвання Новаруднянскага фельчарска-акушэрскага пункта знаходзіцца адна толькі вёска, дзе пражывае каля чатырох дзясяткаў чалавек. Усе яны – пенсіянеры, якія патрабуюць асаблівай увагі і клопату.

Рабочы дзень загадчыцы ФАПа Ірыны Дворак іншы раз пачынаецца задоўга да афіцыйнага яго пачатку, бо жанчына дабіраецца на работу цягніком з Пхова, дзе пражывае. Прыходзіць на ФАП, а каля дзвярэй ужо могуць чакаць некалькі чалавек. І яна адразу пачынае прыём. Так бывае, калі надвор’е зусім нялётнае. У іншы час года Ірына Уладзіміраўна спрытна сядае на ўласны веласіпед – і ў дарогу. І так – шэсць дзён на тыдні дваццаць пяць гадоў запар. Менавіта столькі, з канца 1998 года, працуе яна на гэтым ФАПе, маючы адзіны запіс у працоўнай кніжцы!

Ірына Уладзіміраўна ведае кожнага чалавека на ўчастку не толькі ў твар, але і па імені і прозвішчы. Ведае нават значна больш, чым патрабуецца медыку, не толькі пра стан здароўя, пра хваробы, але і пра дзяцей-унукаў. Гэта стварае атмасферу даверлівасці і заўсёды дапамагае пры наладжванні кантактаў. Хаця кожны ведае: яна амаль што мясцовая – нарадзілася і вырасла у суседняй вёсцы Славечна, што знаходзіцца побач, за аднайменнай рэчкай.
Пасля школы скончыла Мазырскае медвучылішча, дзе атрымала прафесію фельчара. Была ў дзяўчыны такая мара: дапамагаць людзям. Першым рабочым месцам маладога спецыяліста і стаў ФАП вёскі Новая Рудня, дзе і працуе па сённяшні дзень.

Ірына Уладзіміраўна даўно ў самастойным плаванні. Мае першую кваліфікацыйную катэгорыю, але працуе не за званні і ўзнагароды. Самае каштоўнае для яе – штодзённыя словы падзякі ад пацыентаў, мясцовых жыхароў.
…Кожны дзень насычаны, так сказаць, без прастояў. Але пачынаецца практычна аднолькава – з прыёму наведвальнікаў. Іх бывае звычайна няшмат. Фельчар вымярае ціск, ставіць прапісаныя доктарам уколы, робіць іншыя працэдуры. Потым – прафілактычная работа, выезды па выкліках, наведванне састарэлых вяскоўцаў. Здараюцца і экстранныя выклікі, тады без ваганняў закрывае ФАП і імчыць на дапамогу.

Увогуле, цяжка расказваць пра работу, вынік якой не бачны штодзённа, калі не выконваюцца нейкія канкрэтныя нормы. Такіх прафесій мноства, і тады пра спецыяліста больш за ўсё гавораць людзі. Ірыне Уладзіміраўне вяскоўцы рознага ўзросту і адукацыі давяраюць безагаворачна, без выключэнняў. Як і яе лёгкай руцэ, калі робіць працэдуры. Яна ў бясспрэчным аўтарытэце.

У медыка на вёсцы рабочы дзень не рэгламентаваны, бо калі чалавеку нешта баліць, ці захварэў нехта з блізкіх, то ў тую хвіліну не глядзяць на гадзіннік. У першую чаргу спяшаюцца да яе, а ўжо потым, пры неабходнасці, выклі-каюць «хуткую дапамогу». Сама Ірына Ула-дзіміраўна гаворыць, што за ўсіх перажывае, блізка ўспрымае чужы боль. І дадае: напэўна, прафесія не для яе, бо надта за ўсё баліць сэрца, але справу сваю любіць…

Сямейнае жыццё Ірыны Уладзіміраўны склалася даволі добра. З мужам Міхаілам, які дарэчы таксама медык па дыпломе, але працуе выратавальнікам у Мазыры, выхоўваюць двух сыноў. Старэйшы, Уладзіслаў, скончыў БДТУ па спецыяльнасці «лясная гаспадарка» і цяпер працуе майстрам у Славячанскім лясніцтве, пражывае ў вёсцы Славечна, у сваёй з бабулі. Малодшы Гардзей яшчэ вучыцца ў 6 класе.

Напэўна, як і ў кожнага, у Ірыны Дворак, акрамя работы і сям’і, ёсць сваё захапленне – жанчына калекцыяніруе архідэі. Сваёй калекцыяй «200+» яна вельмі ганарыцца. На самай справе, і тэрыторыя ФАПа патанае ў кветках. Гавораць, той, хто любіць кветкі, не можа быць дрэнным чалавекам. Напэўна, гэта сапраўды так.

Здаецца, што вясковаму фельчару Ірыне Дворак на ўсё стае часу, усё даецца лёгка, і ў сутках яе больш за 24 гадзіны. І толькі яна ведае, як на самай справе. Але жыццёвае правіла вясковага доктара: з дрэнным настроем нельга ісці да людзей.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *