150 гадоў Рамязоўскай школе Ельскага раёна

Образование

 

Рамязоўская школа — самая старэйшая школа ў Ельскім раёне. На працягу доўгага часу стваралася  гісторыя школы, з якой звязаны лёсы многіх людзей, пісаўся яе летапіс на працягу 150 гадоў. У школьным музеі сабраны дакументы, фотаздымкі, успаміны  калег і  былых выпускнікоў школы….

31 студзеня 2015 года ў Рамязоўскай школе  адбудзецца ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае юбілею школы.  

IMG_9302

11-на-трудах

DSCI0008  

Гісторыя нашай школы цікавая і насычаная. Рамязоўская школа з’яўляецца пераемніцай царкоўна-прыходскага вучылішча, якое пачало дзейнічаць  у другой палове 19 стагоддзя. Сярод першых настаўнікаў можна назваць Мікалаева Івана, Рамана Глазко.

  Вядома, што ў 1867 годзе народнае вучылішча мела ўжо  4 класы і абслугоўвала насельніцтва  суседніх вёсак.   Патрэбна адзначыць, што пры старым рэжыме некаторыя настаўнікі прымяналі цялесныя пакаранні ў адносінах да вучняў (за грубасць, прагулы, няяўку ў царкву, порчу школьнага інвентару).

У 1908 годзе   заслужаны настаўнік Асветы БССР Сцяпан Малышчыцкі садзейнічаў пабудове новай школы, якая праіснавала да 1943 года. У час Вялікай Айчыннай вайны ў школе размяшчаўся варожы гарнізон. 16 ліпеня 1942 група партызан Ельскага атрада на чале з партыйным сакратаром Іванам Козінцавым  здзейсніла налёт і разграміла  гарнізон.  

         У пасляваенны перыяд навучанне вялося ў часова пабудаванай школе. 

8 верасня 1951 года пачала функцыяніраваць новая школа, будынак якой  пачаў узводзіцца ў 1941 годзе для ваенных мэт, бо ў ваколіцах вёскі знаходзіўся  ваенны  аэрадром. У гэтым будынку ўстанова адукацыі знаходзіцца і зараз. У даваенны і пасляваенны час школа абслугоўвала многія вёскі раёна. Пры школе быў інтэрнат, а многія дзеці дабіраліся пешшу.

У большасці сваёй сялянская моладзь старалася вучыцца і выйсці ў людзі. Многія працягвалі сваё навучанне далей і паступалі ў настаўніцкую семінарыю, некаторыя станавіліся афіцэрамі. За час свайго існавання з пачатку ўзнікнення і да цяперашняга часу ва ўстанове працавалі 19 загадчыкаў і дырэктароў.

Найбольш працяглы час кіраваў Малышчыцкі Сцяпан Маісеевіч, заслужаны настаўнік асветы БССР. Іменна яму належыць заслуга ў закладцы асноўных традыцый школы, у стварэнні префесійнага педагагічнага калектыву, аснову якога складалі таленавітыя настаўнікі. Сцяпан Малышчыцкі быў добры настаўнік, які вялікую ўвагу ўдзяляў грамадскай рабоце. У  1906 годзе яго разам з іншымі жыхарамі арыштавала царская паліцыя па абвінавачванню за ўдзел у агітацыі і прапаведаванні рэвалюцыйна-дэмакратычных ідэй. Пазней усіх вызвалілі. Малышчыцкі С.М. дабіўся дазволу на выдачу дзяржаўных грошай на пабудову ў Рамязах новай школы, якая была ўзведена ў 1908 годзе. Гэта была драўляная школа, у якой было дзва класныя пакоі, настаўніцкая,  пакоі пад кватэру.

 У 1939- 1941 гадах працаваў дырэктарам Рамязоўскай школы Кісялёў Ціхан Якаўлевіч. Разам з ім у школе працавала і яго жонка Лапіцкая Ніна Іванаўна, аўтар многіх падручнікаў  па рускай мове. У бытнасць дырэктара пачалося будаўніцтва  новай школы. Кісялёў Ціхан Якаўлевіч пасля вайны працаваў Старшынёй Савета Міністраў БССР, намеснікам старшыні Міністраў СССР, узначальваў Камуністычную партыю БССР. У 1983 годзе яго не стала.  Кісялёў не раз наведваў Рамязы, дзякуючы яго намаганням у вёсцы з’явіліся асвальтаваныя вуліцы.

Выдатнік адукацыі Міхалёў Сямён Фёдаравіч любімай справе ў нашай школе прысвяціў больш за  40 гадоў. Ён прайшоў вайну, быў узнагароджаны медалямі. І зараз многія выпускнікі з удзячнасцю ўспамінаюць былога настаўніка.

         З 1953 года атэстаты аб сярэдняй адукацыі атрымалі 1375 выпускнікоў, з іх 47 медалістаў.

 Многія выпускнікі школы доўгі час працавалі ў навучальнай установе. Сярод іх былыя настаўнікі: Сіўчук Марыя Міхайлаўна,  Шаўцова Акцябрына Міхайлаўна, Чарнякова Алена Міхайлаўна, выдатнік адукацыі  БССР Цык Грыгорый  Васільевіч,  які  пэўны час быў   дырэктарам нашай школы.

Свой жыццёвы шлях прысвяцілі школе і дырэктар Чарнякоў Віктар Сяргеевіч, Шульман Кіра Маісееўна, настаўнік матэматыкі, Гуд Лук’ян Рыгоравіч, ваенрук, намеснік дырэктара  Вахліс Марыя Донаўна,  Цык Ніна Іванаўна, настаўнік нямецкай мовы, Мароцкая Людміла Антонаўна, Ільюк Надзея Сяргееўна і іншыя.

Зараз ва ўстанове  37 % педагогогаў — выпускнікі школы.

         Сярод медалістаў і выпускнікоў Рамязоўскай школы ёсць вядомыя людзі Беларусі: пісьменнік — Іван Капыловіч, дырэктар інстытута кантролю ведаў- Мікалай Сцяпанавіч Фяськоў, пісьменнік – гісторык Сцяпан Іванавіч Міксюк, Сіўчук Віктар – член Беларускага саюза музыкальных дзеячаў, аўтар гімна Ваеннай Акадэміі і двух  вершаваных зборнікаў, 16 патрыятычных песень.  

          Многія выпускнікі нашай школы – паспяховыя людзі, што працуюць  у розных  сферах вытворчасці.  Шмат выпускнікоў выбралі настаўніцкі хлеб і працуюць на карысць свайго раёна. Медалісты школы: Сіўчук Вольга  Сцяпанаўна – намеснік начальніка  аддзела адукацыі, спорту і турызму Ельскага райвыканкама, Шчэрбін Людміла  Рыгораўна —  былы дырэктар Санюкоўскай школы, Паўлава Алена Іванаўна, намеснік дырэктара Ельскай раённай гімназіі, Петрухно Яўгенія Міхайлаўна, якая працяглы час працавала  старшынёй Ельскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі.

          Упэўнена школа крочыць у будучыню са сваім цяперашнім дырэктарам установы,  выдатнікам адукацыі В.У. Шэцка.   Значных поспехаў дасягае настаўніцкі і вучнёўскі калектыў установы адукацыі. Па выніках 2004, 2005, 2007, 2010, 2011, 2013   гадоў Рамязоўская школа — лепшая ўстанова адукацыі раёна, у 2009- 2-е месца ў вобласці сярод сельскіх устаноў адукацыі. Музей школы лаўрэат рэспубліканскіх конкурсаў у 2008, 2010 гадах.

У 2010 годзе, у сувязі з узнікненнем аграгарадка, у школе заменены вокны, адноўлены фасад будынка. У 2012 годзе  школа рэарганізавана ў педагагічны комплекс “Рамязоўскі яслі-сад- сярэдняя школа Ельскага раёна” ў выніку зліцця Рамязоўскай сярэдняй школы і Рамязоўскага яслей-саду. Ва ўстанове зараз выхоўваецца 19 дашкольнікаў і навучаецца 39 вучняў,   налічваецца 9 класаў-камплектаў, адна група падоўжанага дня. Працуе ў школе 18 педагогаў з вышэйшай адукацыяй, сярод якіх 4 мужчыны – педагогі і 14 жанчын. Педагагічны калектыў творчы, імкнецца выхаваць у навучэнцаў прыгажосць душы, дабрыню сэрца, вастрыню розуму. Педагогі выкарыстоўваюць сучасныя методыкі выкладання, пастаянна удасканальваюць сваё прафесійнае майстэрства.  Вучні  і настаўнікі з’яўляюцца пераможцамі  многіх конкурсаў  раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, актыўнымі ўдзельнікамі рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.   

Педагагічны склад і вучэбна-матэрыяльная база дазваляе  на  высокім узроўні арганізаваць вучэбны працэс. Выпускнікі ўстановы становяцца  студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны, а многія выпускнікі атрымалі працоўныя прафесіі і з’яўляюцца  гонарам раёна і рэспублікі. 

         Нізкі паклон усім тым, хто прадаўжае слаўную гісторыю самай старэйшай у раёне школы.

 

 

Людміла Трошка,

намеснік дырэктара,

настаўнік гісторыі Рамязоўскай школы

 



2 комментария по теме “150 гадоў Рамязоўскай школе Ельскага раёна

  1. И перспективы у школы этой никакой. Скоро закроют с такой демографией.

  2. Такова участь многих школ района.Но 150 лет существования — уже хорошо.С ЮБИЛЕЕМ!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *